БЕЛ Ł РУС

Следства па справе аб знікненні Юрыя Захаранкі чарговы раз працягнута

8.10.2012 / 20:37

Следства па справе аб знікненні былога міністра ўнутраных спраў Беларусі, генерал-маёра Юрыя Захаранкі чарговы раз працягнута да 24 снежня. Аб гэтым паведаміў праваабаронца Алег Волчак, які афіцыйны прадстаўляе інтарэсы сям’і Юрыя Захаранкі.

Паводле слоў Волчака, паведамленне аб працягу справы ён атрымаў са Следчага камітэта.

«Гэта стандартная працэдура — следства працягваецца кожныя тры месяцы з часу распачынання крымінальнай справы па знікненні Захаранкі», — адзначыў Волчак.

Паводле яго слоў, гэтая сітуацыя будзе працягвацца яшчэ два гады, да заканчэння тэрмінаў даўніны па гэтым артыкуле. «Яны вызначаюцца старым Крымінальным кодэксам — да 15 гадоў. У верасні было 13 гадоў.

Таму яшчэ 2 гады яна можа працягвацца», — сказаў Волчак.

Ён не спадзяецца, што справа за гэтыя 2 гады будзе расследавана. «Потым справу або знішчаць пры сведках, або засакрэцяць і перададуць у архіў, або яна дзесьці «згубіцца», — мяркуе Волчак.

«Аднак са зменай улады ў Беларусі можна будзе зноў аднавіць расследаванне гэтай справы пры зноў адкрытых абставінах. Улічваючы, што расследаванне за 13 гадоў не зрушылася з мёртвай кропкі, то, верагодней за ўсё, давядзецца пачынаць расследаванне „с нуля“, паралельна высвятляючы, хто і як яго расследаваў. Я думаю, з гэтым праблем не будзе, бо ёсць ускосныя сведчанні, жывыя сведкі, якія нікуды не дзеліся», — лічыць Волчак.

***

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула