БЕЛ Ł РУС

У Беларусі налічылі 115 мультымільянераў

17.10.2012 / 09:37

Міжнародная кансалтынгавая кампанія Wealth-X прадставіла даследаванне World Ultra Wealth Report 2012–2013, у якім падлічыла колькасць мультымільянераў у розных краінах свету.

Паводле ацэнак аналітыкаў, у Беларусі цяпер 115 мультымільянераў, а іх маёмасць складае 13 млрд даляраў.

У даследаванні гаворка ідзе пра бізнэсоўцаў, чый капітал перавышае 30 млн даляраў — у грашах, акцыях, нерухомасці, прадметах мастацтва.

Па колькасці мультымільянераў Беларусь заняла 27-е месца сярод 45 краін Еўропы. Лідары — Германія (15 770 чалавек), Вялікабрытанія (10 515) і Швейцарыя (5 595).

Расія заняла 9-е месца, у ёй 1145 мультымільянераў, якія валодаюць капіталам у 605 млрд даляраў. Украіна — 19-я з 480 мультымільянерамі і сукупным капіталам 55 млрд даляраў. У Літве і Латвіі мультымільянераў менш, чым у Беларусі — у Літве (31-е месца ў агульным рэйтынгу) іх 80, капітал — 9 млрд даляраў, у Латвіі (36-е месца) — 65, капітал — 8 млрд даляраў.

У параўнанні з папярэднімі рэйтынгамі, якія адлюстроўваюць сітуацыю за 2011–2012 гады, колькасць беларускіх мультымільянераў павялічылася на 5 чалавек (на 4%), а вось іх капітал скараціўся на 3,3%. У большасці краін, уключаючы Германію, Расію і Украіну, адбылося скарачэнне ультрабагатых людзей.

Колькасць еўрапейскіх мультымільянераў зменшылася на 1054 чалавекі, што на 1,9% менш, чым было падчас папярэдняга аналізу World Ultra Wealth Report. У асноўным падзенне адбылося за кошт Іспаніі, Францыі і Італіі. Багацце рэгіёну знізілася на 190 млрд даляраў, або на 2,7%.

Усяго Wealth-X налічыла ў Еўропе 53 441 мультымільянера, іх кансалідаваны капітал складае 7 трлн даляраў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула