Хто заменіць Русецкага? Прэтэндэнтаў як ніколі шмат
Абіраць кіраўніка Акадэміі Навук будзе кіраўнік дзяржавы.
23 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падпісаў загад аб вызваленні Анатоля Русецкага ад пасады старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў сувязі з пераходам на выбарную пасаду. Гэтае рашэнне чакалася, бо спадара Русецкага днямі абралі намеснікам старшыні савету рэспублікі — верхняй палаты нацыянальнага сходу.
Усе кажуць, што прэтэндэнтаў гэтым разам як ніколі шмат, а выбар зробіць Аляксандар Лукашэнка.Хто заменіць Анатоля Русецкага ў Акадэміі навук? Крыніцы «Свабоды» ў акадэміі на гэтае пытанне не даюць пэўнага адказу.
Дарэчы, Анатоля Русецкага, як і яго папярэдніка Міхаіла Мясьніковіча, прызначыў кіраваць акадэміяй непасрэдна Аляксандар Лукашэнка. Прычым
раней, паводле статуту акадэміі, яе кіраўнік абіраўся выключна з навуковай эліты — акадэмікаў. Але пасля прызначэння спадара Мясьніковіча статут змянілі.
А раней першую асобу ў Акадэміі навук абіралі на агульным сходзе. У ім удзельнічалі акадэмікі, члены-карэспандэнты, дырэктары акадэмічных інстытутаў, а таксама абраныя навуковыя супрацоўнікі з квотай у залежнасці ад памераў інстытуту.
Апошні раз прэтэндэнты былі чатыры: Аляксандр Вайтовіч, Андрэй Ганчарэнка, Анатоль Дастанка і Анатоль Рубінаў. Тады ўжо ў першым туры перамог спадар Вайтовіч, які набраў больш за палову галасоў удзельнікаў агульнага сходу.