БЕЛ Ł РУС

Макей выказаўся аб прызнанні Абхазіі і Асеціі

30.10.2012 / 13:27

Пазіцыя Беларусі па пытанні прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі пакуль не памянялася.
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адказваючы на пытанні журналістаў пасля сумеснага пасяджэння калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі, якое прайшло 30 кастрычніка ў Мінску.

«У агульным кантэксце тэмы беларуска-грузінскіх і расійска-грузінскіх адносін абмяркоўваліся падчас нашай сустрэчы.

Не магу сказаць, што наша пазіцыя памянялася, але жыццё не стаіць на месцы, будзем аналізаваць сітуацыю і прымаць рашэнне зыходзячы з нашых нацыянальных інтарэсаў», — сказаў Макей.

Каментуючы мінулае пасяджэнне, ён адзначыў, што бакі абмеркавалі «шэраг актуальных пытанняў адносна беларуска-расійскага ўзаемадзеяння».

«У нас абсалютна поўнае паразуменне па ўсіх перспектывах нашага ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне. У нас няма ніякіх рознагалоссяў па міжнародным парадку дня», — падкрэсліў Макей.

Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў, у сваю чаргу, адзначыў, што ён «вельмі задаволены» вынікамі пасяджэння калегіі.

«Мы абмеркавалі пэўныя кірункі нашага ўзаемадзеяння — гэта супрацоўніцтва ў ААН, у тым ліку па праблематыцы правоў чалавека, узгаднілі сумесныя захады і задачы па рэфармаванні АБСЕ», — расказаў Лаўроў.

Яшчэ адной важнай тэмай абмеркавання, паводле яго слоў, сталі пытанні міжнароднай інфармацыйнай бяспекі і супрацьдзеяння фальсіфікацыі гісторыі. Спробы «перапісаць гісторыю», у тым ліку Другой сусветнай вайны, у кан’юнктурных мэтах недапушчальныя, падкрэсліў Лаўроў.

«Таксама пацверджана падтрымка Расіі па залучэнні Беларусі ў дзейнасць Рады Еўропы, Паўночнай рады і іншых рэгіянальных арганізацый», — дадаў кіраўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула