«У Беларусі было немагчыма заставацца»: Саннікаў у Лондане даў інтэрв’ю Ройтэрз
Былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 г. Андрэй Саннікаў, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытанні, даў інтэрв’ю агенцтву «Ройтэрз», піша Хартыя’97
«Самае галоўнае для мяне цяпер — мая сям’я і яе бяспека», — сказаў Саннікаў, кажучы, што ён прыняў рашэнне з’ехаць, бо для яго было немагчыма заставацца ў краіне далей.
«Гэта дысфункцыянальная сістэма [рэжым Лукашэнкі], — кажа Саннікаў. — На дадзены момант [дзяржаўныя] рэсурсы накіраваныя на тое, каб вынішчыць любы пратэст. Усё, што за гэтыя гады ўлады даказалі, гэта тое, што яны не здольныя на рэформы».
На пытанне, ці можа Беларусь аднойчы стаць сведкам рэвалюцыйных пераменаў, падобных на тыя, якія ахапілі арабскі свет з пачатку 2011 года,
Саннікаў сказаў «Тэарэтычна ўсё магчыма».
Ён дадаў, што быў гатовы ўзяць на сябе адказнасць і весці сваю краіну да збліжэння з Еўропай, але Лукашэнка прыклаў усе сілы, каб утрымаць уладу.
«Я хачу вярнуцца дадому як мага хутчэй. Калі я буду карысны для новай краіны, то, вядома, буду разглядаць магчымасці ўдзелу ў яе жыцці», — заявіў Саннікаў.
«Але яшчэ занадта рана казаць нешта… Гэтая сітуацыя не з’яўляецца нармальнай для мяне, гэта дзікая сітуацыя. Вядома, я хачу вярнуцца ў сваю краіну, у свабодную краіну».