Беларусь на парадку дня
Беларуская асацыяцыя журналістаў уганараваная Сахараўскай прэміяй за свабоду думкі.
Гэтая прэмія, усталяваная ў 1988 г., штогод прысуджаецца Эўрапарлямэнтам змагарам за правы і свабоды чалавека. Летась яе ляўрэатам была ААН, да таго — лідэр Косава Ібрагім Ругова, а першую прэмію ў свой час атрымаў Нэльсан Мандэла. Дзейнасьць незалежных журналістаў, гэты «крык, што жыве Беларусь», Эўропе бачыцца справай унівэрсальнай вартасьці. Эўрапарлямэнт, дэпутатамі якога ёсьць людзі розных палітычных перакананьняў, на справе прадэманстраваў сваё прынцыповае стаўленьне да нашых праблемаў. Цяпер нават у тых краях, дзе публіка мала абазнаная з нашымі праблемамі, будуць ведаць пра іх. І матэрыяльны бок справы ня менш істотны: 50 тыс. эўра — немалы ўнёсак у справу пашырэньня свабоды слова ў Беларусі. Урачыстая цырымонія ўручэньня прэміі й сьціплага дыплёму з профілем Сахарава адбудзецца ў сьнежні ў Брусэлі.