БЕЛ Ł РУС

Андрэй Хадановіч

5.11.2004 / 13:00

Nashaniva.com

Halloween

На календар зірнуць — і патрымцець крыху,

на зьмярканьні згадаўшы аб мёртвых і чараўніцах.

Сёньня калі і вынясуць гарбуза жаніху,

то гарбуза з вачніцамі й сьвечкамі ў вачніцах.

Поўнач яшчэ ня хутка — сьведчыць зімовы час,

ды на замшэлых могілках ажываюць паданьні.

Не перавёў гадзіньніка — і пасьпееш якраз

на вясельны абрад да пекнай нявесты-здані.

Хто рамантызм пасеяў, хутка зьбярэ ўраджай.

Што табе ў тым шкілеце, ваўкалаку, грыфоне?

Можа, усё яшчэ скончыцца добра, толькі зважай,

з кім займаешся сэксам па тэлефоне…

Хто яшчэ здольны пакінуць у люстэрку сьляды?

Усе мы ахвяры таемнага, халуі Хэлоўіну.

Хто дажыў да сьвітаньня — адсьвяткуе Дзяды,

дый астатнім няблага: зданяў — уся краіна.

31 кастрычніка — 1 лістапада 2004

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула