БЕЛ Ł РУС

Затрыманьні ў Горадні

3.07.2007 / 17:28

Nashaniva.com

Міліцыянты перашкодзілі моладзі зладзіць флэш‑моб. Затрыманыя дзевяць чалавек.

Актывісты руху ў абарону гістарычнай спадчыны Горадні меліся зладзіць флэш‑моб на вуліцы Савецкай. Цяпер там амаль не засталося дрэваў, а польскі брук і бардзюры 1938 г. мяняюць на сучасную плітку.

Моладзь мела пры сабе расьцяжку, дзіцячыя экскаватар і рыдлёўкі. Плянавалася пабудаваць зь пяску колькі дамкоў, каб потым іх разбурыць, сымбалізуючы сёньняшнюю «рэканструкцыю».

Аднак умяшаліся міліцыянты. У выніку былі затрыманыя Алесь Залеўскі, Франак Вячорка, Вікторыя Волкава, Сяргей Кулік, Аляксандар Мілінец, Віталь Ізотаў, Мікола Жукоўскі. За распаўсюд улётак затрымалі Алену Дыяніну. З атрыманых адвезьлі ў Ленінскі РУУС. З усіх узялі тлумачэньні. Паводле Алеся Залеўскага, яму і Франаку Вячорку прыгразілі ўтрыманьнем пад вартай да суду, які можа адбыцца заўтра.

Па словах А. Залеўскага, старыя польскія бардзюры і брукаванка, якія будаўнікі абяцалі вярнуць на старое месца, зьніклі ў невядомым кірунку.

Ад 30 чэрвеня ў Горадні ладзіцца летнік «Гарадзенская фартэцыя». Яго ўдзельнікі займаюцца распаўсюдам інфармацыі пра хаду рэканструкцыі Старога гораду, дзяжураць побач з будынкамі, заплянаванымі пад знос. Арганізатары летніка заклікаюць моладзь далучацца: не хапае людзей, каб ахапіць усе аб’екты і адначасова распаўсюджваць інфармацыю. Актывізацыя працаў у гістарычным цэнтры чакаецца пасьля выходных.

Сямён Печанко

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула