Стала вядома пра 45 расійскіх генералаў, якія лячыліся ў шпіталях з пачатку вайны, у тым ліку ў Беларусі
Замах на расійскага генерал-лейтэнанта Ігара Кірылава ў снежні 2024 году, у выніку якога ён загінуў, хутчэй за ўсё, быў не першым. Пра гэта дазваляе меркаваць база пацыентаў вайсковых шпіталяў Галоўнага вайскова-медыцынскага ўпраўлення (ГВМУ) Мінабароны РФ, піша «Свабода».
Калаж: Расійская служба «Радыё Свабода»
У базе, вывучанай Расійскай службай «Радыё Свабода» зьмешчаныя зьвесткі пра 166 тысяч пацыентаў, якія прайшлі праз вайсковыя шпіталі ў Расіі, анексаваным Крыме і на тэрыторыі Беларусі са студзеня 2022-га па сярэдзіну чэрвеня 2024 году. Запісы аб вышэйшых афіцэрах расейскага войска былі перададзеныя вайсковым мэдыкам Андрэем Жыляевым, які дэзэртаваў у Францыю.
У базе знаходзяцца зьвесткі пра 45 генэралаў, якія лячыліся ў вайсковых шпіталях. Зь іх 34 генэрал-маёры, 10 генэрал-лейтэнантаў і адзін генэрал-палкоўнік, а таксама пра пяць адміралаў, уключаючы чатырох контрадміралаў і былога камандуючага Чарнаморскага флёту РФ Мікалая Сакалова.
Ня менш за 12 выпадкаў — параненыя
Большасьць запісаў датычацца дыягназаў, хутчэй за ўсё не зьвязаных з удзелам афіцэраў у баявых дзеяньнях — ад фімозу да эпілептычнага прыпадку. Пераважная частка хвароб, з якімі генэралы і адміралы зьвярталіся ў вайсковыя лячэбныя ўстановы, тыповыя для ўзроставых расейцаў — гэта гіпэртанія і іншыя захворваньні сардэчна-сасудзістай сыстэмы.
Аднак у 12 выпадках старшыя афіцэры сапраўды былі параненыя падчас баявых дзеяньняў ці іхнае лячэньне было відавочна зьвязанае з удзелам у іх. Аналізуючы гэтыя запісы, мы выявілі, што ў некаторых выпадках генэралы абышліся меншымі траўмамі, пра што паведамлялася ў СМІ, а ў іншых выпадках пра іх раненьні было вырашана прамаўчаць.
Ігар Кірылаў: «На яго пачалося паляваньне»
Адзін з самых цікавых запісаў у базе ГВМУ тычыцца генэрала-лейтэнанта Ігара Кірылава, кіраўніка войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны, які загінуў у выніку выбуху каля пад’езда свайго дома 17 сьнежня 2024 году.
Паводле запісу ў базе, за 8 месяцаў да гэтага, 3 сакавіка, Кірылаў быў зьмешчаны ў шпіталь імя Бурдэнкі з «агнястрэльным раненьнем верхняй зоны правага сьцягна». Генэрал правёў у шпіталі больш за месяц, да 11 красавіка, што паказвае на сурʼёзны характар раненьня (цяжкасьць ягонай траўмы ў базе не пазначаная), і пасьля гэтага быў накіраваны на дадатковую рэабілітацыю ў шпіталь імя Вішнеўскага.
Кірылаў быў адным з найбольш мэдыйна актыўных расейскіх вышэйшых афіцэраў. Практычна штомесяц ён праводзіў брыфінгі, на якіх расказваў пра нібыта існаваньне на тэрыторыі Ўкраіны сакрэтныя хімічныя і біялягічныя лябараторыі і падрыхтоўку ўкраінскай правакацыі з выкарыстаньнем «бруднай бомбы».
Генэрал Кірылаў і запіс пра яго ў мэдыцынскай базе. Каляж
Так, 19 лютага 2024 году генэрал правёў брыфінг, на якім заявіў пра нібыта прыменены супраць расейскага войска баявы атрутны газ CS, і пасьля гэтага надоўга зьнік са СМІ: наступны брыфінг Кірылава прайшоў толькі 28 траўня.
На працягу ўсяго году, аж да сваёй сьмерці, кіраўнік войскаў РХБЗ зьяўляўся ў публічнай прасторы як мінімум штомесяц за выключэньнем прамежку паміж 19 лютага і 28 траўня, які прыблізна супадае з часам яго лячэньня.
Мяркуючы па адкрытых дадзеных, за час вайны Кірылаў ніводнага разу ня быў на лініі фронту; акрамя таго, зьмяшчэньне адразу ў шпіталь Бурдэнкі ўскосна паказвае на тое, што агнястрэльнае раненьне ён атрымаў у Маскве ці побач зь ёй.
«Радыё Свабода» не змагло ўстанавіць, ці быў генэрал паранены ў бытавой сытуацыі (напрыклад, на паляваньні) ці ягонае раненьне стала вынікам няўдалага замаху, пра які было вырашана не паведамляць публічна.
Агнястрэльная зброя неаднаразова выкарыстоўвалася пры замахах на людзей, адказных за вядзеньне ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. За тры месяцы да шпіталізацыі Кірылава, у сьнежні 2023 году, у Падмаскоўі быў застрэлены былы прарасейскі дэпутат Вярхоўнай рады Ільля Ківа. За некалькі дзён да выбуху, у якім загінуў генэрал Кірылаў, у Маскве быў застрэлены адзін з распрацоўнікаў расейскіх крылатых ракет Міхаіл Шацкі.
Пасьля сьмерці Кірылава губэрнатар Кастрамской вобласьці Сяргей Сітнікаў, які асабіста ведаў генэрала, напісаў у сваім тэлеграм-канале: «Некаторы час таму ён мне сказаў, што яго ўжо папярэдзілі, што паляваньне на яго пачалося».
«Мінабароны РФ на запыт не адказала»
База ГВМУ зьмяшчае зьвесткі пра раненьні іншых генэралаў, якія не фігуравалі ў адкрытых крыніцах.
- Генэрал-лейтэнант Дзьмітрый Глушанкоў, камандуючы 68-м армейскім корпусам, у жніўні 2022 году атрымаў спалучаную траўму галавы і грудзей, якая запатрабавала двухтыднёвага лячэньня і наступнай рэабілітацыі ў санаторыі. У лістападзе 2022 года Глушанкоў «вярнуўся з зоны СВА» і заняўся падрыхтоўкай навабранцаў на Ўсьпенаўскім палігоне. Увесну 2024 году ён згадваўся як часовы выканаўцы абавязкаў камандуючага Цэнтральнай вайсковай акругі.
- Генэрал-маёр Пётар Балгараў, на момант пачатку ўварваньня намесьнік камандуючага 36-й арміі, атрымаў агнястрэльна-аскепкавае раненьне ў самым пачатку 2023 году, публічна пра яго не паведамлялася. У лістападзе 2023 году яго павысілі ў званьні да генэрал-лейтэнанта.
- Генэрал-маёр Аляксандар Радзівонаў перад пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня быў начальнікам войскаў РХБЗ Цэнтральнай вайсковай акругі, да гэтага ён прадстаўляў той жа род войскаў у расейскай групоўцы ў Сырыі. З базы ГВМУ вынікае, што ў траўні 2022 году Радзівонаў атрымаў раненьне твару. Інфармацыі аб гэтым у адкрытых крыніцах няма.
- Генэрал-маёр Мікалай Мартынюк у 2019 годзе камандаваў расейскай вайсковай базай у армянскім Гюмры, а да гэтага ўзначальваў вайсковы гарнізон у Валгаградзе. За некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну яму было прысвоена званьне генэрала-маёра, а ўжо ў верасьні 2022 году Мартынюк атрымаў сурʼёзнае аскепкавае раненьне сьцягна. Генэрал паправіў здароўе і 9 траўня 2024 года камандаваў парадам у Валгаградзе.
- Таксама ў базе ёсьць інфармацыя аб лячэньні посттраўматычнай хваробы абедзьвюх ніжніх канцавін генэрал-маёра Валерыя Шкільнюка ў лістападзе 2022 году. Гэта ўскосна пацьвярджае зьвесткі аб раненьнях Шкільнюка, датаваныя першай паловай 2022-га, хаця запісаў пра іх у базе ГВМУ няма.
Лячыўся ў вайсковым шпіталі ў Мазыры
У першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня пад Чарнобылем быў цяжка паранены генэрал-маёр Сяргей Ныркоў, на той момант намесьнік камандуючага і начальнік штаба 35-й агульнавайсковай арміі.
2 сакавіка 2022 году аб раненьні Ныркова ў жывот паведаміў беларускі тэлеграм-канал «Белыя халаты». Паводле базы ГВМУ, генэрал быў праапэраваны ў шпіталі ў Беларусі. Пра тое, што Ныркова лячылі ў шпіталі ў Мазыры, таксама расказваў CNN беларускі мэдык, які ўцёк у Эўропу з мэдыцынскімі дакумэнтамі зь лякарні.
Згодна з базай ГВМУ, Сяргей Ныркоў атрымаў раненьне ў жывот сярэдняй цяжкасьці. 2 сакавіка ён быў эвакуаваны ў Маскву з дыягназам «агнястрэльнае раненьне з пашкоджаньнем селязёнкавага вузла абадочнай кішкі, разьліты пэрытаніт». Ныркоў быў выпісаны празь месяц, ён аднавіўся на вайсковай службе і з часам заняў пасаду камандуючага 35-й арміі, у якой служыў начальнікам штаба.
Радыё Свабода накіравала запыт у Міністэрства абароны РФ з просьбай пракамэнтаваць абставіны раненьняў вышэйшых афіцэраў на вайне ва Ўкраіне. На момант публікацыі гэтага матэрыялу адказ не атрыманы.
Падрабязны аналіз базы можна прачытаць тут.