Культура2727

Люди, церкви, ворота в никуда и «святой» пень: путешествие велосипедом в окрестностях Докшиц

Піша Кастусь Шыталь.

Вераснёўскім пагодным днём я не меў што рабіць. Трэба кудысьці выехаць, каб толькі ў хаце не сядзець.

Сёння да мяне меўся заехаць знаёмы, аддаць пазычаныя грошы. Тэлефаную яму, каб не прыязджаў — сустрэнемся ў Докшыцах. Бяру заплечнік, дастаю з падвала ровар — і са спадарожным ветрам за паўгадзіны даязджаю да горада.

У Докшыцах нічога не змянілася. Толькі ў жніўні быў Дзень горада, і да свята дадалося надпісаў на расійскай мове.

На адхоне каля возера размясцілі выявы лебедзяў ды назвы рэк, якія бяруць пачатак у Докшыцкім раёне - «Березина», «Вилия». Там жа — карта Беларусі, на якой гарады падпісаныя па-руску. І «Скамья примирения», каля Дома быта. На нашай мове — нічога.

Докшыцы маюць расійскамоўнае аблічча. Мясцовыя ўлады пазбягаюць ужывання беларускай мовы ў публічнай прасторы.

Докшыцы, беларускі горад, мае расійскамоўнае аблічча. Мясцовыя ўлады пазбягаюць ужывання беларускай мовы ў публічнай прасторы.

«Исток реки Березина» на альтанцы, «Р. Березина» на дарожным знаку, клумба «Докшицы — 610», стэла «Докшицы» на ўездзе з Мінска… Роўнасці дзяржаўных моваў, якая гарантаваная Канстытуцыяй, тут няма і блізка. І нават заява Лукашэнкі: «Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй» не змяніла паводзінаў мясцовага кіраўніцтва.

Са знаёмым сустракаюся каля царквы, а потым ідзём на каву ў забягалаўку «Смак», якая знаходзіцца насупраць аўтастанцыі. Пакуль з ім сустрэцца, спатыкаю на вуліцы Таццяну, былую аднакласніцу.

Пагаварыўшы са знаёмым, еду да Таццяны. Таццяна запрашае на кухню. Заварвае гарбату. На стале — мёд у сотах і халва, прывезеная з апошняй вандроўкі ў Латвію. Таццяна штогод выбіраецца за мяжу, дасылала мне паштоўкі з Прагі, Рыгі, Львова, Тбілісі. Абмяркоўваем навіны са свайго і з грамадскага жыцця. Размаўляем пра падарожжы, пра асобу Язафата Кунцэвіча, пра дзённік Андруся Горвата.

— Вось Горват, — кажу, — пераехаў у вёску, але не стаў вяскоўцам. Шукае чагосьці новага, пацягнула яго ў тую вандроўку ў Еўропу. Вясковы чалавек не кінуў бы гаспадаркі і не паехаў у падарожжа.

Прыемна сесці за сталом і пагаварыць з разумным чалавекам. У правінцыі такая магчымасць рэдка надараецца.

Насельніцтва вёсак, мястэчак, малых гарадоў жыве, пагружанае ў побытавы клопат, а на свет глядзіць праз тэлевізар. Плёткі пра аднавяскоўцаў, забабоны, урыўкі рэлігійнасці цалкам здавальняюць іх цікаўнасць да свету. І не зусім благія людзі, і не зусім дурныя, а пагаварыць з вясковым чалавекам няма пра што… Людзей, з якімі можна разгаварыцца, у абшары дваццаці кіламетраў — на пальцах пералічыць.

— І я, калі ў Докшыцы прыязджаю, дома сяджу, нікуды не выходжу, — кажа Таццяна.

Кіруюся з Докшыц на поўнач па глыбоцкай шашы. Калісьці гэта быў паштовы тракт, частка камунікацыйнай сеткі Расійскай Імперыі. Па баках — бярозавыя прысады. Першыя зжаўцелыя лісты бяроз ападаюць на асфальт. На Глыбокае і з Глыбокага праносяцца машыны. Я еду ў Порплішча.

Яшчэ вясной тут было «Порплище», але чыгунка стала болей ужываць беларускую мову.

Каля пераезда ў Порплішчы — павільён чыгуначнага прыпынка. Шыльду «Порплище» сёлета памянялі на «Порплішча». Кіраўніцтва Беларускай чыгункі, у адрозненне ад кіраўніцтва Докшыцкага раёна, пашырае ўжыванне беларускай мовы…

Грукаюся ў дзверы старой жоўтай хаты на цэнтральнай вуліцы. Адчыняе гаспадар, былы бібліятэкар Вацлаў. Запрашае ў сваю цёмную, з маленькімі вокнамі, хату. На сцяне — партрэты Гагарына, Цоя, Пушкіна, Ясеніна. Вацлаў ставіць імбрычак, я заварваю каву.

— Слухай, Косця… Згубіў я тое, што ты мне дасылаў — патрэт Ганны Зяновіч і дакументы, што яна напісала на Порпліскую царкву — пра зямлю, якую надала царкве, пра сялянаў, пра набажэнствы, якія святары павінны служыць… Ці ёсць яны ў цябе, ці можаш зноў іх пераслаць?

— Перашлю. Толькі напішыце, нагадайце, каб не забыўся… А час заснавання царквы ў Порплішчы — цікавае пытанне. У тым дакуменце, з 1627 года, пра будаўніцтва не пішацца. Напісана, што царква ўжо была, і што стаяла пустая, не было святара. А дзед гэтай Ганны Зяновіч, Кшыштаф Зяновіч, берасцейскі ваявода, які валодаў Глыбокім і Порплішчам — быў кальвіністам. І ягоны бацька, Юры Зяновіч, таксама быў кальвіністам. Дык магчыма той Юры Зяновіч, калі пераходзіў у кальвінізм, у гадах 1560-х ці 1570-х, і зачыніў царкву, выгнаў бацюшку з Порплішч…

Спаса-Праабражэнская царква ў Порплішчы, май 2017 года.

— Дык царква як праваслаўная яшчэ будавалася, не ўніяцкая? — удакладняе Вацлаў.

— Ну так, праваслаўная. Але, вядома — не гэтая, што цяпер. Драўляныя будынкі столькі не стаяць. Старая спарахнела, разабралі і новую паставілі на гэтым месцы. Толькі невядома, у якім годзе дакладна гэта было.

Вацлаў не працаваў у архівах, і не пісаў краязнаўчых працаў. Але ведае Порплішча і ваколіцы, мясцовых людзей і іх продкаў лепш, чым хто іншы. Размаўляў са старымі людзьмі, запамінаў.

— Жыў чалавек у Серадзенах, размаўляў як мы з табой, толькі ў гміне польшчыў — а ў 1947 годзе пераехаў пад Шчэцін, на нямецкія землі — і ўжо ягоныя дзеці пішуць адтуль, што яны «палякі, выгнаньцы з крэсув». Якія ж яны палякі! — каментуе Вацлаў біяграфію аднаго земляка.

У Порплішчы, каля той драўлянай царквы, у якой захоўваюцца з часоў Уніі старыя абразы ў стылі беларускага барока, скульптуры анёлаў і фігура Ісуса Хрыста Антокальскага, паварочваю ўлева. Дарога вядзе на Сітцы. Стаіць пагодны, ціхі вераснёўскі дзень. Нейкая млявасць і павольнасць адчуваецца ўва ўсёй прыродзе, і, здаецца, перадаецца на мой настрой. Па пустой гравейцы еду няспешна — спяшыць няма куды.

Дарога на Докшыччыне ў вераснёўскі пагодны дзень.

Над сялом Вялікія Сітцы ўзвышаецца блішчасты купал Свята-Георгіеўскай царквы, помніка архітэктуры часоў Расійскай імперыі, збудаванай у 1913 годзе, у 300-ю гадавіну Раманавых. 

Вялікія Сітцы і стогадовая Свята-Георгіеўская царква.

А ўдалечыні сінеюць рэдкалессі і лясы над ракой Сэрваччу. У двары Сітцы, колішняй сядзібе Бжастоўскіх і Дамейкаў, між дрэў паказваецца велічная барочная брама, унікальны помнік віленскага барока.

Пад брамай, і на колішняй галоўнай алеі парка валяюцца абгорткі ад цукерак і марозіва, ды разбітыя бутэлькі. У ліпені я прыбіраў тут смецце — вяскоўцы накідалі зноў.

Што замінае работнікам клуба і бібліятэкі, якія месцяцца ў парку, раз на тыдзень прайсці з пакетам ды падабраць смецце? Лянота, абыякавасць. Затое летась Докшыцкі райвыканкам паспяхова асвоіў у Сітцах замежны грант «Аднаўленне гістарычных сядзібаў» на суму 18.000 даляраў, з якіх на сядзібу не пайшло ані цэнта.

Зрэшты, ёсць большая бяда, чым непрыбранае смецце. Зацякае скляпенне другога яруса брамы. Цэгла трушчыцца. Калі не зрабіць кансервацыю, частка брамы можа абрынуцца ўжо ў бліжэйшыя гады. Раблю фотаздымкі.

Трэба абмеркаваць справу са спецыялістамі ў галіне аховы помнікаў, ды, можа, напісаць зварот у Міністэрства культуры па гэтай справе. Мясцовыя ўлады пра браму не парупяцца, трэба самому нешта дабівацца.

Брама ў Сітцах стаіць з часоў Рэчы Паспалітай, але хутка можа абрынуцца.

Жыхароў Сітцаў цяпер займае іншая навіна, не звязаная з гісторыяй. У жніўні «вясковы тэлеграф» разнёс сенсацыю: на пні адламалі кару — і ўбачылі там абраз Маці Божай.

Я бачыў фотаздымкі таго пня ў сацыяльных сетках. На дрэве — пляма, якая крыху нагадвае абрысамі выяву Багародзіцы. Толькі абрысамі, бо выявы твару няма. Вяскоўцы палічылі пляму за Божы знак — і пень стаў месцам паломніцтва. Да яго прыходзяць людзі з Сітцаў і навакольных вёсак, прыносяць кветкі.

Пень у Сітцах, які стаў месцам паломніцтва. Фота з сацыяльных сетак.

Выязджаю на Параф’янава, і за вёскай мяне абганяе «Шкода» з мінскімі нумарамі і спыняецца. Кіроўца выходзіць. Я разумею, што ён хоча нешта ў мяне запытацца.

— Дзе той абраз, які аб’явіўся, калі пілавалі дрэва? — пытаецца кіроўца.

Не ў пнях і не ў касцях Стварыцеля і Збавіцеля шукаць належыць… Божай моцы можна дакрануцца ў таемствах Споведзі і Прычасця. Праведнасці можна дайсці праз веру і жыццё па запаведзях. Пяцьсот год таму Скарына надрукаваў Біблію, каб беларусы маглі Божую праўду спазнаць. А людзі ідуць да пнёў і касцей, спадзяюцца, што пакланенне ім дасць ім здароўе і шчаслівае жыццё. Мабыць, так ім прасцей… Не трэба змяняць жыццё, шукаць Валадарства Божае ўнутры сябе.

Маё падарожжа сканчваецца ў Параф’янаве. Я зрабіў кола, недзе сорак кіламетраў. У паштовай скрынцы знаходжу квіток ад паштовага пераказу — нейкі добры чалавек з Мінска даслаў дваццаць пяць рублёў. На кухні ў рондлі стаяць парэзаныя баравікі, падасінавікі і сыраежкі — гэта мая цётка Яніна хадзіла ў грыбы.

02.09.2017, Параф’янава — Докшыцы — Порплішча — Сітцы — Параф’янава

Комментарии27

Сейчас читают

«Криво покурил». Олимпийского чемпиона Арямнова задержали, избили и отпустили из ИВС с уголовным делом3

«Криво покурил». Олимпийского чемпиона Арямнова задержали, избили и отпустили из ИВС с уголовным делом

Все новости →
Все новости

В белорусской деревне в Смоленской области нашли жуткую шестипалую руку, которой около 7 тысяч лет9

«Нёман» проиграл фарерскому «Клаксвику» в первом матче третьего раунда Лиги конференций7

«Дудя смотрел? А Дудь — шпион». Белорусы рассказали, как теперь проходят проверки телефонов и опросы на границе14

«Мне литовцы сказали не светиться, потому что спецслужбы ищут, как подобраться». Франак Вечерко об угрозах9

В Борисове выделяют более чем миллион долларов на «возрождение еврейских традиций»1

В Зельвенском районе начальник извинился после ролика в TikTok1

Стала известна причина смерти Оззи Осборна1

Российские шпионы следили за Грозевым с помощью шпионских очков. Вот как это было

Стало известно, каким может быть «легкий первый шаг» Трампа, если Россия проигнорирует его ультиматум5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Криво покурил». Олимпийского чемпиона Арямнова задержали, избили и отпустили из ИВС с уголовным делом3

«Криво покурил». Олимпийского чемпиона Арямнова задержали, избили и отпустили из ИВС с уголовным делом

Главное
Все новости →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць