«В распоряжении гостей была машинка для изготовления нюхательного табаку и кульбака». Что наливали в первом белорусском баре
Питейно-увесилительные заведения существовали в Беларуси давно. А в XVIII веке появились и кафенхаузы — бары-рестораны европейского образца. Первый такой открылся в Слониме, где тогда находилась резиденция Огинских. Пишет Егор Сурский.

Бар з аптэкай
Размяшчаўся першы кафенгаўз на рынкавым пляцы Слоніма, фасадам да рынка, тылам да палаца, дзе жыў князь Агінскі. Будынак быў крыты гонтай, а на сцяне месцілася адмысловая шыльда. Абапал увахода стаялі чырвоныя слупы, на адным з якіх вісеў ліхтар.
Шлях ад ліхтара да «бара» быў пакручасты. Праз сенцы наведнік уваходзіў у першы пакой, аздоблены пяццю карцінамі і гравюрамі, з яго ў другі, адтуль у аптэку. У аптэцы ўжо налівалі, таму многія там і спыняліся.
Тагачасны чалавек не дзівіўся, пабачыўшы аптэку ў такім месцы. Справа ў тым, што аптэкі ў той час нярэдка працавалі як піцейныя ўстановы (але пры гэтым не плацілі адпаведнага падатку). Акрамя таго, у аптэцы адміністрацыя кафенгаўза захоўвала ласункі ды спецыі для настоек і лікёраў: цукар, араматычнае карэнне, прыправы (корань фіялкі, горкі міндаль, кардамон, мускатны арэх, карыцу, апельсінавую і лімонную цэдру, духмяны перац…).

Карнавал. Карл Швенінгер-малодшы. 1886 год. Фота Wikimedia Commons.
Была ў кафенгаўзе таксама гаспадарская ізба (пакой адміністрацыі) з доступам да вінна-гарэлачнага склада. Паўз ізбу трэба было прайсці, ідучы ў банкетную залу — вялікі пакой для балявання і танцаў. Тут праводзілі і маскарады — у кафенгаўзе захоўваліся 73 «арлекінскія мужчынскія касцюмы», 59 жаночых касцюмаў, 33 капелюшы. У зале віселі люстэркі і стаялі тры столікі для наведнікаў (чацвёрты — для напояў). Асвятлялі яе чатыры акны, кожнае з якіх складалася з 36 апраўленых у волава шыбак. Сцены ўпрыгожвалі 29 гравюр. Меўся выхад на паддашак.
Інтэр’еру першай беларускай кавярні можна пазайздросціць: акрамя карцін і гравюр, на сценах віселі лук са стрэламі (сагайдак), люстэркі, дэкаратыўныя сёдлы з выявай «Пагоні», капканы на ваўкоў і ліс, вышываныя персідскія дываны, скураныя куфры. Настрой стваралі парцалянавыя фігуркі людзей, слімакоў, вытанчаныя цукарніцы і вазы. Некаторыя інтэр’ерныя прадметы прынёс асабіста князь Агінскі.
У распараджэнні гасцей была машынка для вырабу нюхальнай табакі, кульбака (трэнажор для практыкаванняў у коннай яздзе), більярдны стол і іншыя забаўкі.
Падыхаць і асвяжыцца госці выходзілі на брукаваны падворак. Роўная пляцоўка была зроблена адмыслова пад «гульню ў шары». Што хаваецца за гэтай загадкавай назвай? Боўлінг!
А дадатковай забавай быў сонечны гадзіннік.
Што пілі
У дакументах Слонімскай эканоміі, якая знаходзілася ў трыманні Міхала Казіміра Агінскага, кафенгаўз згадваецца ў 1763 годзе як піцейная ўстанова, за якой замацоўвалася выключнае права продажу дарагіх прывазных напояў: «Віно венгерскае, заморскае, гарэлку гданьскую і цукровую, піва ангельскае і бутэлькавае, пітны мёд (гатунку ліпец) ніхто не мае права прадаваць у шынках, апрача скарбавага кафенгаўза, пад пагрозай штрафу ў 100 бітых талераў».
Пералічаныя напоі былі заўважна даражэйшымі за звычайную гарэлку, піва і сытны мёд мясцовага вырабу. Спажываць іх магла толькі эліта.

У слонімскім кафенгаўзе ладзілі імпрэзы і ўрачыстасці, але ў той жа час ён быў новай установай рэстараннага тыпу, дзе шляхетная публіка магла бавіць час на еўрапейскі манер. Установа працавала кожны дзень, днём і ўначы. Адміністратар адмыслова ўстанавіў званкі, каб госці маглі паведаміць пра свой прыход.
А ці пілі ў кафенгаўзе каву?
Як ні дзіўна, адказаць на гэтае пытанне адназначна не выпадае. У пераліку посуду пазначаныя «сподачкі ад кубкаў для гарачага шакаладу». Пра філіжанкі для кавы, аднак, нічога не сказана, хоць кава неаднаразова згадвалася ў асабістых выдатках Агінскага. У 1764 годзе на патрэбы князя было закуплена 200 фунтаў (каля 80 кг) кавы найлепшай якасці.
Бясспрэчна, Міхала Казіміра Агінскага можна залічыць да каваманаў. За месяц зімы 1789—1790-га выдаткі Агінскага на каву склалі траціну ўсяго бюджэту на харчаванне: на напой і вяршкі да яго пайшло 196 злотых з 600! І гэта без уліку вытрат на прывазны цукар! Выдаткі на мяса за гэты перыяд склалі ўсяго 53 злотых.

Са 107 прадметаў, пералічаных у рэестры гетманскага посуду, больш як 10 прызначаліся для прыгатавання кавы: падносы, млынкі, патэльні для падсмажвання зерня… Быў і адмысловы рог для піцця.
Вытраты на каву, а таксама на адмысловы посуд для яе адзначаліся ў расходных кнігах ў рубрыцы «Для гардэробу» — гэтак падкрэслівалі статуснасць прадукту.
Сімвал эпохі
У 1797 годзе, ужо пры Расійскай імперыі, у Слоніме існавалі побач два кафенгаўзы. Новы кафенгаўз быў мураваны, са стайняй на падворку — такі сабе гасцінны дом. Верагодна, на ўзор ранейшага кафенгаўза ў ім таксама зрабілі вялікую залу для танцаў. Будынак на правах арэнды трымаў пан Пуслоўскі, тагачасны пасэсар (часовы трымальнік) Слонімскай эканоміі.
А вось падрабязнага апісання старога, знаёмага нам кафенгаўза ў 1797 годзе не рабілі. Але наяўныя дэталі сумныя. Між іншым згадваецца, што падлога ў вялікай зале будынка «цалкам у руінах». Бляск і веліч колішняга слонімскага кафенгаўза засталіся ў мінулых часах.
-
Считали объем пепла. Откуда взялось новое число уничтоженных в Тростенце — 546 тысяч человек?
-
Бусины из морских лилий, которым сотни миллионов лет. В Беларуси тысячелетиями делали украшения из окаменелостей
-
«Под метровым шурфом — каменный шлифованный топор». Археологи рассказали о важных результатах подводных раскопок этого года
Комментарии