Цягнік з Анапы прыбыў у Мінск са спазненнем на 30 гадзін, але ўсіх давезлі здаровымі
Цягнік беларускага фарміравання Анапа — Мінск, які накіроўваўся праз Данецкую вобласць, прыбыў у беларускую сталіцу ў 0:53 у ноч з 25 на 26 чэрвеня. Згодна з раскладам ён павінен быў прыбыць 24 чэрвеня ў 18.01.
Пасля падрыву чыгуначных пуцей у Данецкай вобласці, які адбыўся 22 чэрвеня, маршруты саставаў № 390/389 Мінск — Анапа — Мінск, № 46/45 Мінск — Мінеральныя Воды — Мінск, № 302/301 Мінск — Адлер — Мінск былі зменены.
Цягнікі з Мінска ў Анапу, Мінводы і Адлер накіроўаліся на ўчастку Харкаў — Растоў праз Купянск, Валуйкі, Ліскі, у выніку чаго працягласць маршрутаў істотна павялічылася. Такія меры былі прынятыя беларускім бокам на падставе тэлеграмы Дзяржаўнай адміністрацыі чыгуначнага транспарту Украіны.
Як расказалі прыбыўшыя ў Мінск пасажыры, здарэнняў у дарозе не было. Расіяне дапамагалі з харчаваннем. І хаця такой працягласці ад паездкі ніхто не чакаў, у выніку ўсё закончылася нармальна.
«Цягнік ехаў паўпусты, — расказвае яго начальнік Дзяніс Дзядзечка. — Вагоны былі загружаныя ўвогуле дзесьці на 60%. Я лічу, што з пастаўленай задчай нашага кіраўніцтва мы справіліся. Давезлі ўсіх здаровымі. Усё нармальна, як бачыце».
Дзяніс Дзядзечка, паводле яго слоў, ездзіць гэтым маршрутам ужо даўно, і нічога падобнага раней не здаралася. Тым не менш такія выпадкі, калі з-за НЗ прыходзіцца змяняць маршрут, не ўнікальныя і, на яго думку, праблемнымі іх не назавеш, хіба што пасажыры не ў захапленні.
«Ніякіх праблем падчас праходжання цягніка праз Украіну мы раней не адчувалі. Звычайна нас суправаджаюць супрацоўнікі міліцыі, як па тэрыторыі Украіны, так і па тэрыторыі Расіі. Цягніком ехаць бяспечна», — падкрэслівае Дзядзечка.
Акрамя падрыву пуцей, з-за чаго цягнік і спазніўся, ніякіх іншых водгаласаў узброенага канфлікту на ўсходзе Украіны па дарозе чутно не было.
А на просьбу даць рэкамендацыю — ці варта ехаць цяпер чыгункай праз Украіну ці пакуль лепш пачакаць, Дзядзечка адрэагаваў так: маўляў, ехаць можна, «але, самі разумееце… можна крыху затрымацца».
Пра падрабязнасці затрымкі саставу Дзяніс Дзядзечка гаварыць не стаў, абмежаваўшыся кароткім «памяняўся маршрут».
«Кіраўніцтва вырашыла, што так будзе лепш. Большую частку дарогі праязджалі па тэрыторыі Расіі, што з'яўляецца бяспечным», — адзначыў начальнік цягніка.
Каментары