Пяць фактаў пра пяцярых чыноўнікаў, якіх сёння прызначыў Лукашэнка
Кіраўнік Беларусі 12 лютага правёў кадравы дзень. Пра некаторых з новых постацяў можна пачытаць у нашым матэрыяле.
Малады намеснік Шэймана

Новым намеснікам кіраўніка справамі прэзідэнта Віктара Шэймана стаў 35-гадовы Андрэй Свірыдаў. Да апошняга часу Свірыдаў узначальваў камітэт эканомікі Гродзенскага аблвыканкама.
Бацька Андрэя Рыгор Свірыдаў з’яўляецца дырэктарам прадпрыемства «Гроднатэкстыль». Там жа працавала і мама Галіна. Бацька родам з Магілёва, прыехаў у Гродна па размеркаванні, мама — з Расіі.
Рыгор Свірыдаў у 2009 годзе праходзіў фігурантам буйнай крымінальнй справы. Дырэктар праходзіў як падазраваны па артыкуле «Злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі». Маўляў, ягонымі дзеяннямі дзяржаве была нанесеная шкода ў памеры 500 тысяч даляраў. Урэшце, Свірыдава не асудзілі. І ён працягнуў займаць пасаду дырэктара завода.
Андрэй, пасля таго як скончыў школу ў Гродне, паступіў у наргас на факультэт эканомікі і кіравання гандлем. Пасля сканчэння вучобы вярнуўся ў родны горад.
«Бізнэс на месцах трэба берагчы і песціць», — казаў ён у інтэрв’ю газеце «Белорусы і рынок».
Андрэй жанаты з 28-гадовай гарадзенкай Вольгай.
Ад сталяра да намесніка міністра

Алег Швец стаў новым намеснікам міністра архітэктуры. Яму 47 гадоў, а родам з Пінска. Працоўную кар’еру пачынаў у якасці сталяра.
Мае дзве вышэйшыя адукацыі: БНТУ («Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва») і БДЭУ («Эканоміка і кіравання на прадпрыемствах»).
Ад 1994 працуе інжынерам. Ад 2004 — ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама. Ад 2010 — у «Мінскбудзе». З’яўляўся намеснікам дырэктара па прамысловасці і рэсурсах.
Летась у спадара Швяца памёр бацька.
Быў выкладчыкам у ПТВ

Уладзіміру Чушаву, які стаў паслом Беларусі ў Польшчы, 55 гадоў. Нарадзіўся ён у Гомелі. Там жа і атрымаў адукацыю ў Інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту. Гэтую самую ВНУ, дарэчы, скончыў былы прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі.
Ужо ў першыя гады незалежнасці Чушаў скончыў яшчэ юрыдычны факультэт БДУ. Працаваў выкладчыкам у адным з мінскіх ПТВ, потым там жа быў завучам. Па развале СССР трапіў на працу вядучым спецыялістам у Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры.
Ад 1995 года — на службе ў МЗС. Ягоная дыпламатычная кар’ера ўвесь час круцілася вакол дзвюх краін — Сербіі і Польшчы. Ад 1998 да 2002 быў дарадцам у пасольстве Беларусі ў Югаславіі. Гэта значыць, ён на ўласныя вочы бачыў крушэнне дыктатуры Слабадана Мілошавіча.
Ад 2006 да 2009 быў ужо дарадцам у пасольстве Беларусі ў Польшчы. І гэта не самы лёгкі час, пасля Плошчы-2006, канфлікту з Саюзам палякаў адносіны паміж Беларуссю і Польшчай былі зведзеныя амаль да мінімуму.
У 2011 годзе Чушаў атрымаў першае самастойнае прызначэнне — паслом Беларусі ў Сербіі. За гэты перыяд Лукашэнка наведваў Бялград. У праваслаўнай Сербіі на працоўным месцы пасла Чушава віселі абразы. Цікава, ці будзе тое самае ў Польшчы?
Прадаваў БелАЗы ў Індыі

«Вушамі і вачыма» прэзідэнта, то бок памочнікам па сталіцы, стаў былы пасол Беларусі ў Індыі Віталь Прыма.
Зрэшты, не трэба падманвацца: Віталь Прыма — выхадзец не з дыпламатычнай сферы, а з машынабудаўніцтва. Яму 43 гады, а родам ён са Слоніма.
Вучыўся ў БНТУ па спецыяльнасці «эканоміка і кіраванне ў машынабудаванні» (1997). Па размеркаванні паехаў працаваць у Барысаў на завод «Аўтагідраўзмацняльнік». Працаваў там эканамістам да 2001 года. Потым шэсць гадоў аддаў заводу БелАЗ. У 2007 годзе Прыму забралі ў Мінск у Міністэрства прамысловасці. Ад 2009 — быў намеснікам міністра.
У 2012 годзе спадар Прыма быў прызначаны паслом Беларусі ў Індыю (Шры-Ланка, Непал і Бангладэш па сумяшчальніцтве). Індыя — адзін з галоўных купцоў беларускіх БелАЗаў, таму такі выбар невыпадковы.
«Вам давядзецца падымаць цэлы пласт», — так Лукашэнка настаўляў Прыму перад прызначэннем паслом. Маўляў, гэта перспектыўная краіна. І яна гатовая шмат чаго купляць у Беларусі.
Падчас працы ў Індыі захапіўся ёгай. Выстаўляў здымкі з заняткаў у твітары. Жанаты, мае траіх дзяцей.
Выклікаў дождж праз малітву

Памочнікам прэзідэнта па Брэсцкай вобласці стаў Анатоль Маркевіч, які да гэтага быў старшынёй Навагрудскага райвыканкама. Адметна, што старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс у свой час таксама ўзначальваў менавіта Навагрудскі райвыканкам.
Маркевічу 47 гадоў. Ён родам з вёскі Громкі Шчучынскага раёна. Вучыўся на настаўніка матэматыкі ў Брэсцкім педагагічным універсітэце. Пасля працаваў настаўнікам на радзіме ў Шчучыне. Ужо ў 28 гадоў стаў дырэктарам Карэліцкай СШ №1.
Ад 2002 года — на чыноўніцкай працы. Спачатку працаваў намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама. У 2011-м — стаў старшынёй Навагрудскага райвынкама.
За час працы ў Навагрудку запомніўся тым, што ініцыяваў летась малебен з просьбай аб дажджы. Тады ў наваградскі сабор прыйшла ўся раённая вертыкаль. Яшчэ Маркевіч адмовіўся надаць адной з вуліц Навагрудку імя навукоўца Барыса Кіта. «Навагрудскі райвыканкам палічыў гэта немэтазгодным», — было ў адказе Маркевіча.
Маркевіч таксама мае траіх дзяцей.
Каментары