Гісторыя11

«Магіла бацькоў»: як Кыргызстан сабраў у адным месцы памяць пра нацыянальныя трагедыі цэлага стагоддзя

Усё пачалося з закінутай цагельні, дзе НКВД у 1937 годзе пахаваў расстраляных прадстаўнікоў нацыянальнай эліты. Піша журналіст Рыгор Пырлік.

Надпіс на магіле Чынгіза Айтматава. Фота Грыгорыя Пырліка.

«Бацька, я не магу паставіць табе помнік. І нават не ведаю, дзе ты пахаваны» 

Так пачынаецца прысвячэнне да ўпершыню выдадзенай у 1963 годзе аповесці Чынгіза Айтматава «Матчына поле». Айтматаў — самы вядомы кыргызскі пісьменнік, чытачам з постсавецкай прасторы яго прозвішча добра знаёмае. А слова «манкурт», ужытае пісьменнікам у рамане «Буранны паўстанак» («І вякуе дзень даўжэй за век») для азначэння чалавека, які начыста забыўся пра свае карані, трывала ўвайшло ў мовы многіх народаў.

Бацька Чынгіза Айтматава, Тарэкул Айтматаў, зрабіў у 1920—1930-я гады паспяховую партыйную кар’еру на радзіме, а ў 1935-м быў накіраваны на вучобу ў Маскву. У жніўні 1937 года ён правёў сваю сям’ю да маскоўскага Казанскага вакзала, і гэта была іх апошняя сустрэча. 

У сваёй кнізе «Белыя старонкі гісторыі» сястра Чынгіза, Роза Айтматава, цытуе ўспаміны старэйшага брата, якому тады было 8 гадоў:

«Я адразу пры ўваходзе ў купэ заняў месца на верхняй паліцы. Не ведаю чаму, але я ведаў, што больш мы не сустрэнемся з бацькам, што я ў апошні раз бачу яго, бачу, як, натыкаючыся на людзей, ён бяжыць у белай касаваротцы па пероне следам за цягніком, які забірае назаўсёды яго дзяцей і жонку. Схаваўшыся ў падушку, я горка плакаў, адчуваючы ў грудзях застылы камяк, які, здавалася, ніколі ўжо не растане».

У лістападзе 1937-га Тарэкул Айтматаў быў арыштаваны ў Маскве і адпраўлены ў Фрунзэ — так тады зваўся Бішкек, сталіца Кыргызстана. Яго, як і многіх іншых у тыя часы, стандартна абвінавацілі ў прыналежнасці да «контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі», якая «паставіла сабе за мэту адарванне Кіргізіі ад Савецкага Саюза і стварэнне самастойнай буржуазна-нацыяналістычнай дзяржавы праз узброенае паўстанне».

«Суддзям спатрэбілася ўсяго 20 хвілін, каб асудзіць «ворага народа» да расстрэлу. Да канца сутак заставалася яшчэ 35 хвілін. Гэтага цалкам хапіла для выканання прысуду. У архіўных матэрыялах ёсць даведка пра тое, што «прысуд адносна расстрэлу Айтматава Тарэкула выкананы ў горадзе Фрунзэ 5 лістапада 1938 года»»,

— піша Роза Айтматава.

Магіла Айтматава. Фота Грыгорыя Пырліка.

Усяго з 5 па 8 лістапада 1937 года да найвышэйшай меры пакарання па гэтай справе былі асуджаныя 137 чалавек. А пахаваць усіх расстраляных чэкісты вырашылі на тэрыторыі закінутай цагельні каля дачы НКВД непадалёк ад Фрунзэ.

Сямейная таямніца

Вартаўніком на дачы тады працаваў Абыкан Кыдыраліеў. Ён жыў са сваёй сям’ёй у невялікім дамку на яе тэрыторыі. У пачатку лістапада кіраўніцтва загадала Абыкану вывезці адсюль сям’ю, а самому наведвацца на дачу толькі час ад часу. Калі ж сям’і дазволілі вярнуцца, то дачка ахоўніка заўважыла, што на месцы цагельні вырас земляны пагорак. Бацька сям’і нічога не патлумачыў.

Роза Айтматава пісала:

«Начамі каля пагорка збіраліся сабакі і вылі, а ў месяцовыя ночы з’яўлялася яркае свячэнне (трупны газ пад уздзеяннем месяцовага святла люмінаваў). У такія моманты Абыкан, хаваючыся ад чужых вачэй, падкрадаўся да пагорка і чытаў там малітву. Дадому ён прыходзіў з цяжкім настроем, заплаканы. Сям’я заўважыла, што апошнім часам у яго моцна змяніўся характар. Абыкан стаў задуменным, раздражнёным і няветлівым».

Дачу НКВД неўзабаве перадалі спартсменам. Так побач з Фрунзэ з’явілася гарналыжная база Чон-Таш. 

А ў 1973 годзе, незадоўга да смерці, Абыкан Кыдыраліеў наважыўся расказаць пра таямніцу былой цагельні сваёй дачцэ Бубуры. Ён сказаў, што там ляжаць ахвяры рэпрэсій і папрасіў паведаміць пра тое сваякам загінулых. І калі часы памяняліся, Бубура Кыдыраліева выканала запавет бацькі. 

Стварэнне мемарыяла

На месцы пахавання правялі раскопкі, якімі кіраваў супрацоўнік мясцовага КДБ Балот Абдрахманаў. Ён апісваў выяўленае ў сваёй справаздачы:

«Камера для абпальвання ў цагельні была зроблена ў выглядзе ямы памерам 3,5 х 3,5 х 3,5 метра. У гэтую яму былі бязладна кінутыя целы кіраўнікоў дзяржавы, сакратароў абкамаў, народных камісараў, а таксама звычайных рабочых і сялян. Нягледзячы на бязладнасць, відаць, што на самым дне быў пласт з целаў дзесяці-пятнаццаці чалавек. Гэты пласт быў прысыпаны зямлёй, потым кінулі наступны пласт целаў загінулых…». 

Роза Айтматава піша, што з 5 па 8 лістапада 1938 года смяротныя прысуды ў Фрунзэ вынеслі 137 чалавекам. Аднак у брацкай магіле аказалася 138 чэрапаў. Асобу 138-га чалавека не высветлілі. Вядома, што гэта была 49-гадовая жанчына. Існуе версія, што яна стала выпадковай сведкай таго, што рабілася.

Сярод пахаваных у камеры для абпальвання цэглы знайшлі і цела Тарэкула Айтматава: у яго нагруднай кішэні збераглася копія абвінаваўчага заключэння. Так пісьменнік Чынгіз Айтматаў атрымаў адказ на пытанне, пастаўленае за некалькі дзесяцігоддзяў да таго ў прысвячэнні да «Матчынага поля». 

Музей памяці ахвяраў савецкіх рэпрэсій на мемарыяле «Ата-Беіт». Фота Грыгорыя Пырліка.

Расстраляных урачыста пахавалі ў асобных саркафагах тут жа сама, на Чон-Ташы. Так з’явіўся мемарыял, які па прапанове Чынгіза Айтматава назвалі «Ата-Беіт» («Магіла бацькоў»). Цяпер у доме побач з ім знаходзіцца музей. Тут ёсць падрабязныя біяграфіі расстраляных, фотаздымкі і копіі газетных публікацый розных часоў. 

Месца нацыянальнай памяці

Магілы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій сталі першымі, але не апошнімі на «Ата-Беіт». Ужо ў ХХІ стагоддзі мемарыял стаў месцам памяці не толькі пра тэрор 1930-х, але і пра іншыя трагічныя для нацыі падзеі.

10 чэрвеня 2008 года ў клініцы нямецкага горада Нюрнберг, не дажыўшы паўгода да свайго 80-годдзя, памёр Чынгіз Айтматаў. Ён пакінуў запавет, каб яго пахавалі на «Ата-Беіт». І ягоная апошняя воля была выканана. У 2013 годзе тут быў адкрыты помнік пісьменніку. На белай мармуровай сцяне быў змешчаны барэльеф Айтматава, а збоку — цытата:

«Цяжэй за ўсё для чалавека — штодня быць чалавекам». 

Ужо праз няпоўныя два гады, у красавіку 2010 года, у Кыргызстане пачаліся народныя хваляванні. Падчас штурму адміністрацыі прэзідэнта Курманбека Бакіева 7 красавіка снайперы, якія сядзелі на даху будынка, застрэлілі каля 80 чалавек. Пратэстоўцаў гэта не спыніла, рэвалюцыя перамагла. І новая ўлада прапанавала пахаваць загінулых на «Ата-Беіт». Праўда, многія сваякі забралі целы для пахавання на радавых могілках, але ў мемарыяле ўсё ж знайшлі спачын 16 удзельнікаў рэвалюцыі. На іхніх магілах — аднолькавыя чорныя надгробкі.

Помнік паўстанню 1916 года. Фота Грыгорыя Пырліка.

А ў верасні 2016 года на «Ата-Беіт» з’явіўся яшчэ адзін помнік — у памяць пра народнае паўстанне стагадовай даўніны. Тады, у чэрвені 1916 года, падпарадкаваныя Расійскай імперыяй народы Цэнтральнай Азіі пачалі ўзброены супраціў у адказ на планы ўладаў мабілізаваць мясцовае насельніцтва на прымусовыя тылавыя работы — якраз ішла Першая сусветная вайна. Расійская адміністрацыя жорстка задушыла гэтае выступленне. Многія загінулі, а ад 100 да 250 тысяч чалавек, якія баяліся далейшых рэпрэсій, уцяклі ў Кітай. Гэтая падзея атрымала назву «Уркун» («Сыход»). 

Памяць пра ахвяраў паўстання і іх пераход цераз горы ў мемарыяле сімвалізуюць конскія страмёны, якія цягнуцца да неба. А вянчае кампазіцыю тундук — нацыянальны сімвал Кыргызстана: скрыжаваныя жардзіны ў гістарычным жытле кыргызскіх качэўнікаў, юрце.

Такім чынам, мемарыял «Ата-Беіт» сабраў у адным месцы памяць пра трагедыі Кыргызстана за цэлыя 100 гадоў.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома25

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна атрымала базу ў Лівіі для атакі на расійскія караблі

Астранаўты з «Арыёна» прыслалі ФОТА Зямлі17

Камандзір Рускага добраахвотніцкага корпусу патлумачыў, ці ён арганізаваў напад на Ідрака Мірзалізадэ9

Зяленскі заявіў, што сітуацыя на фронце найлепшая за 10 месяцаў1

«Табе што, рускіх грошай шкада?» Данейка згадаў забаўны выпадак з Бабарыкам у самалёце15

Жыхарка Мядзельскага раёна ў канцы сакавіка назбірала журавінаў

Расійскі Су-30 пацярпеў крушэнне ў Крыме3

Лукашэнка зноў згадаў 2020 год16

Гомельскі рэцыдывіст нападаў на людзей у пад'ездах, а потым напаў на Украіну. Вынік?8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома25

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць