Грамадства

Затрымалі на выбарчым участку, збілі на Акрэсціна, далі год калоніі за дэманстрацыю гематом на маршы

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 9 верасня за ўдзел у маршах 16 жніўня і 25 кастрычніка да года калоніі асудзілі 45-гадовага мінчука Аляксея Муравіцкага. Здзейсненае ім кваліфікавалі як удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), паведамляе spring96.org.

Паводле версіі абвінавачвання, Аляксей Муравіцкі 16 жніўня мінулага года на праспекце Пераможцаў «удзельнічаў у незаконным масавым мерапрыемстве». Згодна з матэрыяламі справы, ён, парушаючы правілы дарожнага руху, выйшаў на праезную частку са сцягам і надпісам на спіне «Усіх не заб'еш», паўплываў на парушэнне раскладу грамадскага транспарту.

Таксама яго абвінавацілі ў блакаванні дарожнага руху 25 кастрычніка, бо ён «выехаў на сваім аўто на праезную частку на вуліцы Багдановіча», чым заблакаваў дарожны рух.

Аляксея Муравіцкага абвінавацілі ва ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак 16 жніўня і 25 кастрычніка, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

«Мінсктранс» заявіў пазоў да абвінавачванага «і іншых асоб» на суму 71 255 рублёў.

Затрымалі крыху больш за месяц таму і запісалі «пакаяльнае відэа»

Аляксея Муравіцкага супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі 27 ліпеня. Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 КК і змясцілі яго пад варту. Таксама з затрыманым запісалі «пакаяльнае відэа», дзе ён тлумачыць свае дзеянні «ўплывам дэструктыўных тэлеграм-каналаў», на якія быў падпісаны.

На судзе Муравіцкі прызнаў віну. Ён распавёў пра свой удзел у маршах 16 жніўня і 25 кастрычніка.

Паводле яго слоў, 16 жніўня каля 12-й гадзіны дня ён пакінуў машыну побач з гасцініцай «Беларусь» і пешшу дайшоў да Стэлы. Пра марш даведаўся з інтэрнэту. Прайшоў да Нямігі з іншымі ўдзельнікамі пратэстнай акцыі. З сабой была музычная калонка і транспарант «Мы мірныя людзi, магутныя разам…». Муравіцкі адзначыў, што выйшаў на марш, бо яму здаліся несправядлівымі масавыя затрыманні і ён такім чынам выступаў супраць гвалту. Муравіцкі выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь», але ў далоні не пляскаў.

У той дзень у раёне Нямігі незнаёмы чалавек прапанаваў напісаць яму на спіне на месцы гематом на плячы фразу «Усіх не заб'еш». Муравіцкі пагадзіўся. Каля будынка КДБ яго сфатаграфавалі, гэты здымак ён потым бачыў у інтэрнэце. Як адзначыў Муравіцкі, гематомы на плячы з'явіліся пасля затрымання 9 жніўня і ўтрымання ў ІЧУ. Але падрабязнасці вырашыў не распавядаць.

Як расказаў на працэсе Аляксей, 9 жніўня ён чакаў на лаўцы каля свайго выбарчага ўчастка вынікаў выбараў. Да яго звярнуўся незнаёмы мужчына з просьбай дапамагчы на ўчастку, бо туды не пускаюць незалежных назіральнікаў. Муравіцкі пагадзіўся. Ён зайшоў у школу, дзе ўжо было каля сарака абураных людзей, і прапанаваў напісаць калектыўную заяву ў Цэнтрвыбаркам пра нядопуск незалежных назіральнікаў. Праз пару хвілін прыбыў АМАП і затрымаў некалькі чалавек, у тым ліку і Муравіцкага.

Як распавёў Аляксей, 25 кастрычніка каля 14:00 ён рухаўся на машыне па вуліцы Веры Харужай. Калі ён пад'ехаў да скрыжавання з вуліцай Максіма Багдановіча, то спыніўся, бо не мог рухацца далей праз марш. У Аляксея быў з сабой БЧБ-сцяг, на эмоцыях Муравіцкі ўзяў яго, устаў на дах сваёй машыны і махаў ім хвілін 5-10, пры гэтым крычаў лозунг «Жыве Беларусь». Праз некаторы час мінак папрасіў таксама залезці на дах, Муравіцкі дазволіў яму «з салідарнасці».

«Наогул на маю грамадзянскую пазіцыю паўплывала інфармацыя, якая публікавалася ў крыніцах, як я потым зразумеў, дэструктыўных», — распавядае Муравіцкі на судзе.

У той момант ён лічыў, што спыненне ягонага аўтамабіля на дарозе не з'яўляецца крытычным, бо праз вялікую колькасць людзей руху машын не было. Далей ён ехаў на сваім аўто ў бок вуліцы Сурганава, а потым ішоў пешшу да вуліцы Арлоўскай па тратуары.

На сёння да зробленага Муравіцкі ставіцца негатыўна:

«Тыя ўчынкі былі памылковыя. З іх вынес урок, больш у такіх мерапрыемствах не буду ўдзельнічаць».

А што з сумай шкоды?

У матэрыялах справы прысутнічае запыт Следчага камітэта да КУП «Мінсктранс». Прадстаўнікі арганізацыі папярэдне падлічылі суму шкоды за 16 жніўня і 25 кастрычніка — 63 096 рублёў. Аднак на судзе сума пазову да абвінавачванага «і іншых асоб» вырасла да 71 255 рублёў. 

Пракурор Цімафей Нічыпарук у судовых спрэчках прапанаваў выключыць з абвінавачвання інфармацыю пра плясканне, бо падчас справы пацверджання ім не знайшлося. У астатняй частцы ён палічыў віну цалкам даказанай. Змякчальнай акалічнасцю пракурор папрасіў прызнаць чыстасардэчнае раскаянне, а абцяжарвальнай — тое, што злачынства здзейсненае па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці. У выніку, дзяржабвінаваўца папрасіў прызнаць суд вінаватым Муравіцкага па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і пакараць яго пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год, а таксама задаволіць заяўлены пазоў «Мінсктранса» на суму 71 255 рублёў.

У апошнім слове Муравіцкі прасіў прызначыць яму пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі:

«Я ва ўсіх калектывах зарэкамендаваў сябе добрым, сумленным, прыстойным, справядлівым чалавекам. Зазнаўшы ўплыў дэструктыўных каналаў, здзейсніў шэраг правіннасцяў, надалей абяцаю не ўдзельнічаць».

У выніку, 9 верасня суддзя Шабуня прызнала Аляксея Муравіцкага вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК і асудзіла яго да аднаго года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пазоў «Мінсктранса» пакінулі без разгляду: ён будзе вырашаны ў грамадзянскім парадку.

Каментары

Цяпер чытаюць

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?2

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?

Усе навіны →
Усе навіны

Наўседа: Калі ў бліжэйшыя некалькі тыдняў не будзе шароў, не будзе нелегальных мігрантаў, магчыма, пачнем дыялог з Беларуссю20

У Расіі аштрафавалі расіяніна за пагрозы беларускаму сілавіку праз СМС1

Ціханоўская: 2 красавіка рэжым адзначае самае цынічнае свята11

Беларуска Аляксандра Борціч, якая здымаецца ў Расіі, змяніла акцёрскую прафесію5

Беларускамоўнага інжынера родам з Хойнікаў асудзілі — хутчэй за ўсё, па справе Гаюна3

Як беларусам адкрыць «шэнген»: ці можна паспець да лета-20265

У рэстаране «Мак.бай» на загад Лукашэнкі перайменавалі амерыкана. Як назвалі?40

Ксёндз з Лагойска змог расшыфраваць лісты, якія раскрываюць гісторыю знакамітай краязнаўчай працы графа Тышкевіча пра Беларусь і Літву7

Трамп заявіў, што ЗША не трэба было лезці ва Украіну26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?2

Што вядома пра новага шпіёна беларускага ГРУ?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць