На Гродзеншчыне за тры гады стала ў два разы менш гідаў-перакладчыкаў
Турыстаў і экскурсаводаў у Гродзенскай вобласці стала больш, а колькасць гідаў-перакладчыкаў скарачаецца, пiша Hrodna.life.

За апошнія тры гады ў Гродзенскай вобласці засталося ўсяго 11 атэставаных гідаў-перакладчыкаў з 20. Пры гэтым і турыстаў, і экскурсаводаў стала больш.
У Гродне працуюць сем гідаў-перакладчыкаў, яшчэ два працуюць у Гродзенскім раёне. Яны павінны задаволіць попыт на экскурсіі на розных мовах на Аўгустоўскім канале, у Свяцку і іншых турыстычных месцах, расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі.
Прычына скарачэння колькасці гідаў-перакладчыкаў простая — 80% замежных турыстаў цяпер прыязджаюць у Гродна з Расіі, паведамляе «Гродзенская праўда».
У той жа час колькасць экскурсаводаў у вобласці з 2021 года вырасла са 122 да 161. Зараз у Гродне працуе 81 экскурсавод, 16 — у Навагрудскім раёне і 14 — у Лідскім. Па колькасці экскурсаводаў Гродзенскую вобласць чатыры гады запар у Беларусі абганяе толькі Мінск.
Са студзеня па кастрычнік 2024 года Гродзенскую вобласць наведала больш за 800 тысяч турыстаў. Чыноўнікі ўпэўненыя, што ў 2025 годзе асноўны турыстычны паток будзе ісці з Расіі, Кітая і Узбекістана.
Нагадаем, з 1 студзеня 2023 года пачалі дзейнічаць новыя правілы экскурсійнага абслугоўвання. Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі павінны праходзіць дзяржаўную атэстацыю. Гіды абавязаныя мець пры сабе пералік тэм экскурсій, якія яны абаранілі, а таксама бэйдж. Тэрмін дзеяння ліцэнзіі — пяць гадоў.
У 2024 годзе экскурсаводамі і гідамі-перакладчыкамі ў Беларусі забаранілі працаваць тым, каго асудзілі па «экстрэмісцкіх» артыкулах, прычым нават калі судзімасць ужо пагашаная.
У 2024 годзе 40 чалавек з Гродзенскай вобласці падалі заяўкі на атэстацыю, з іх яе паспяхова прайшлі 22. Атэстацыя ўключае ў сябе тэарэтычны блок і абарону тэксту турыстычнага маршруту.
З 2025 года экскурсаводы будуць атрымліваць бэйджы новага ўзору з QR-кодам, які ўтрымлівае інфармацыю пра гіда і экскурсію. Супрацоўнікам музеяў атэстацыя не патрэбная, але акрэдытацыя патрабуецца, калі яны хочуць праводзіць экскурсіі па-за межамі музея.
Каментары