Грамадства66

Пропаведзь Z-бацюшкі і рэабілітацыя Паўліка Марозава. Як у Свята-Елісавецінскім манастыры вучаць падлеткаў патрыятызму

У мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры, які збірае грошы на патрэбы расійскай арміі, ходзіць хрэсным ходам на выбары і актыўна гандлюе на Захадзе, прайшоў сямейна-патрыятычны форум «Выхаваем патрыётаў — абаронім Айчыну!» На працягу двух дзён проста ў манастырскіх сценах пад кіраўніцтвам удзельнікаў вайны супраць Украіны дзяцей вучылі абыходзіцца са зброяй, а на развітанне паказалі дакументальны фільм, які рэабілітуе Паўліка Марозава. «Вот так» расказаў, як у беларускім манастыры выхоўваюць патрыётаў і да абароны якой Айчыны іх рыхтуюць.

Сямейна-патрыятычны форум пад лозунгам «Выхаваем патрыётаў — абаронім Айчыну!» Фота: «Хрысціянская візія»

Дзеці з гранатамётам

У сярэдзіне лютага 2025 года на сайце Свята-Елісавецінскага манастыра (СЕМ) з'явілася запрашэнне ўсім ахвотным узяць удзел у «сямейна-патрыятычным форуме з удзелам вядомых спікераў». Мерапрыемства прымеркавалі да 23 лютага, яно праходзіла пад лозунгам «Выхаваем патрыётаў — абаронім Айчыну!».

Па словах арганізатараў — праваслаўнага руху «Арляняты» — яго праграма ўпершыню ўключае ў сябе «сувораўскія гульні» для старшакласнікаў — спартыўныя, стратэгічныя, інтэлектуальныя спаборніцтвы, якія таксама праходзілі ў сценах манастыра.

Тэлеграм-канал «Хрысціянская візія» апублікаваў фота і відэа, зробленыя ў першы дзень форуму. На іх цалкам экіпіраваныя ў вайсковую форму (каскі, бронекамізэлькі) дзеці пазіруюць ужо не толькі з аўтаматамі, але таксама з кулямётамі і нават аўтаматычным станковым гранатамётам. На падставе здымкаў у тэлеграм-канале немагчыма сцвярджаць, сапраўдная гэта зброя ці толькі яе макеты. Таксама на стале ляжыць дрон і пульт кіравання да яго.

Здымкі былі зробленыя 22 лютага, у дзень старту «сувораўскіх гульняў», у анонсе якіх сказана, што яны праводзяцца «з мэтай выхавання любові да сваёй Радзімы, фарміравання разумення маладым пакаленнем каштоўнасці захавання гістарычнай памяці, а таксама раскрыцця спартыўнага і творчага патэнцыялу падлеткаў».

На практыцы яны ўяўляюць сабой вайскова-патрыятычныя спаборніцтвы падлеткавых каманд з розных гарадоў Беларусі, падчас якіх яны спаборнічаюць у стральбе, перацягваюць канат, гуляюць у шахматы і займаюцца армрэслінгам.

Гульня, арганізаваная падлеткавым рухам «Арляняты». Фота: churchby.info

Чэмпіён па колцы дроў

У рамках форуму юным удзельнікам было таксама прапанавана паслухаць выступленні запрошаных спікераў. Сярод іх «Вот так» выявіў іерэя Дзмітрыя Новікава, настаяцеля прыхода храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Салігорску, які расказаў падлеткам пра выхаванне сілы волі праз спорт.

Вядомасць гэтаму святару прынесла не толькі ягонае захапленне гірамі, але і заклікі да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні на нядаўніх прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Удзел у выбарах у роліку, знятым на выбарчым участку, ён назваў «важным крокам да поспеху нашай краіны», а само галасаванне, якое праходзіла ва ўмовах рэпрэсій і ціску на выбаршчыкаў — «добрай справай».

У якасці матывацыйнага прыкладу ён назваў бацькоў Ісуса Хрыста, якія ўдзельнічалі ў перапісе насельніцтва ў Старажытнай Юдэі — «у дзяржаўным жыцці краіны», як падкрэсліў Новікаў. Таму, паводле яго слоў, і хрысціяне павінны «прыступіць да галасавання».

Яшчэ адзін спікер, які выступіў на праваслаўным форуме, — дырэктар Бараўлянскага лясгаса Аляксандр Мірановіч, — «праславіўся» ўдзелам у дэмантажы сотняў крыжоў у Курапатах у 2019 годзе.

Падлеткам кіраўнік лясгаса, які арганізуе майстар-класы Лукашэнкі па колцы дроў і перамагае ў рэспубліканскім першынстве ў намінацыі «колка дроў па-прэзідэнцку», расказаў, «што значыць быць патрыётам».

Пасля Мірановіча да мікрафона выйшаў духоўнік моладзевага аддзела БПЦ протаіерэй Алег Абрамовіч. Ён вядомы сваімі рэгулярнымі візітамі ў сілавыя структуры і правядзеннем у іх сценах рэлігійных цырымоній. У сакавіку 2024 года Абрамовіч узяў удзел у святкаванні 107-годдзя беларускай міліцыі, а таксама ў форуме ветэранаў вайсковай разведкі.

Алег Абрамовіч на мерапрыемстве, прысвечаным 107-м угодкам беларускай міліцыі. Фота: hramsoltan.by

У падпісках Абрамовіча на яго асабістай старонцы «Укантакце» разам з праваслаўнымі супольнасцямі — шэраг старонак, якія прапагандуюць «рускі свет» і падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны (напрыклад, «Россия — это я!, «ZAVGOR», «Вежливые люди», «Бесогон»), а таксама старонкі эратычнага зместу.

У стужцы ён рэгулярна рэпосціць гэтыя і іншыя рэсурсы, выказваючы сваю падтрымку вайне ва Украіне і высмейваючы праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Падлеткам і іх бацькам 23 лютага ён расказваў пра «хатнюю царкву».

Прыклад Паўліка Марозава

На заканчэнне другога дня мерапрыемства ўдзельнікам форуму і гульняў прапанавалі паглядзець некалькі дакументальных фільмаў. Адзін з іх — «Патрыятычнае выхаванне ў Расіі». «Вот так» знайшоў у інтэрнэце толькі адзін фільм з такой назвай. Ён размешчаны на федэральным партале гісторыі Расіі (история.рф) — «галоўным гістарычным партале краіны».

У паўгадзінным відэа гісторык Святлана Чудзінава расказвае пра патрыятычнае выхаванне дзяцей і падлеткаў у Расійскай Імперыі і Савецкім Саюзе.

Цікавасць у кантэксце праваслаўнага характару мерапрыемства выклікаюць характарыстыкі, якія ў дакументальным фільме даюцца савецкаму перыяду, у якім дзіцяча-юнацкія арганізацыі былі актыўна задзейнічаныя ў ганеннях на царкву. Праўда, пра гэты аспект дзейнасці піянераў Чудзінава прамаўчала.

Затое яна фактычна рэабілітавала Паўліка Марозава, вядомага тым, што данёс уладам на свайго бацьку, які нібыта дапамагаў «кулакам».

«Піянеры дапамагалі дарослым і ў барацьбе з контррэвалюцыяй. Сярод піянераў-герояў першае месца заўсёды займаў Паўлік Марозаў. Паводле афіцыйнай версіі, ён данёс на свайго бацьку, што той дапамагаў кулакам хаваць збожжа і хавацца ад закона. Пасля гэтага Паўліка і ягонага малодшага брата найбліжэйшыя сваякі забілі. Гісторыя досыць складаная і заблытаная… Але тое, што здзейсніў Паўлік — гэта ўчынак не здрадніка, а чалавека, які хацеў прынесці карысць сваёй краіне», — адзначыла Чудзінава на фоне візуальнага шэрагу з прапагандысцкіх плакатаў і фатаграфій дзяцей са Сталіным і Брэжневым.

Сямейна-патрыятычны форум пад лозунгам «Выхаваем патрыётаў — абаронім Айчыну!» Фота: «Хрысціянская візія»

Арляняты патрыярхату

«Арляняты» былі створаныя непасрэдна пры манастыры ў маі 2021 года. На сайце руху пазначана, што першы злёт адбыўся 15 мая 2021 года і быў прысвечаны «800-годдзю з дня нараджэння святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага».

Ядром «Арлянят» сталі выхаванцы нядзельнай школы пры манастыры і створанай яго манашкамі праваслаўнай школы «Іхвіс». На першым жа злёце дзяцей навучалі не толькі біблейскім «лагоднасці і пакоры», але таксама зборцы і разборцы аўтаматаў, падрыхтоўцы да стральбы і аказанні першай дапамогі параненым.

Традыцыя атрымала працяг і на наступных мерапрыемствах дзіцяча-юнацкага руху. Напрыклад, у верасні 2022 года госцем «Арлянят» стаў кіраўнік беларускага вайскова-патрыятычнага цэнтра «Казачы спас» Пятро Шапко, вядомы супрацоўніцтвам з былым «міністрам абароны ДНР» Ігарам Стралковым-Гіркіным, вярбоўкай баевікоў ва Украіну і арганізацыяй вайсова-патрыятычных лагераў для дзяцей ва ўзросце 14-18 гадоў на тэрыторыі Беларусі.

На фотаздымках з аднаго з мерапрыемстваў «Арлянят» Шапко дзеці і падлеткі на тэрыторыі манастыра занятыя зборкай і разборкай аўтаматычнай зброі.

У ходзе сямейна-патрыятычнага форуму 23 лютага 2025 года Шапко выступіў з лекцыяй «Выхаванне хлопчыкаў і ўплыў камфортнага жыцця на ўспрыманне штодзённай рэальнасці».

24-25 лютага мінулага года ў манастырскім цэнтры «Каўчэг» адбылася арганізаваная «Арлянятамі» гульня для падлеткаў, падчас якой удзельнікі гулялі з сапраўднай зброяй на фоне вывешанага ў духоўна-асветніцкім цэнтры вялікага партрэта Сталіна.

Сувораўскія гульні на базе Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску. Фота: Instagram 

Акрамя гэтага, «Арляняты» ў сілу сваіх магчымасцяў удзельнічаюць і ў падтрымцы расійскай агрэсіі супраць Украіны. Напрыклад, у красавіку 2023 года стала вядома, што беларускіх дзяцей і падлеткаў служыцелі Свята-Елісавецінскага манастыра прыцягнулі да напісання лістоў «у суцяшэнне рускім воінам». 

Каментары6

  • філія НКВД якой Берыя і Коба выдалі томас ў 1944 ...
    27.02.2025
    дзякуй Богу мы Беларусы Уніяты а не гэта філія НКВД якой Берыя і Коба выдалі томас ў 1944 ...
  • іконы атэістаў Сталіна і Ежова "рпц":шныя
    27.02.2025
    "вялікага партрэта Сталіна."

    A там іконы атэістаў Сталіна і Ежова "рпц":шныя ужо вісяць ?
  • яны не манашкі а ФСБ:шніцы якія ў ЭЗ збіраюць грошы на вайну супраць ЭЗ/Украіны
    27.02.2025
    Барадзед, Дзякуй НН за навіны , дадам, яны не манашкі а ФСБ:шніцы якія ў ЭЗ збіраюць грошы на вайну супраць ЭЗ/Украіны. да гэтага з ВІКІ : Некананічны статус Маскоўскага патрыярхату ў Беларусі. У 1924 годзе Ўсяленскі патрыярх Рыгор VII, надаўшы аўтакефалію Польскай праваслаўнай царкве, у склад якой увайшла значная частка былой Кіеўскай мітраполіі, у тым ліку Заходняя Беларусь зь Віленшчынай, у сваім томасе зазначыў, што далучэньне Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскага патрыярхату не было кананічным. У 1990-я гады ў лісьце патрыярху маскоўскаму Аляксію (Рыдыгеру) Усяленскі патрыярх Дзімітры заявіў, што Канстантынопаль вызнае Маскоўскі патрыярхат у межах 1589 году, гэта значыць без тэрыторыі Беларусі, Украіны, Балтыі і Смаленшчыны, якія на той час уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Наступны Ўсяленскі патрыярх Барталамей дадаў, што РПЦ бесьперапынна ўрывалася ў краіны, якія знаходзяцца пад духоўнай юрысдыкцыяй Канстантынопаля, менавіта ў Эстонію, Вугоршчыну і іншы краіны, робячы гэта заўсёды з дапамогай узброенай сілы савецкай арміі. У 2006 годзе патрыярх Барталамэй зрабіў заяву ў Кіеве, што Канстантынопаль лічыць Кіеўскую мітраполію сваёй дачкой і, калі прыйдзе час, разгледзіць пытаньне аб яе самастойнасьці. У кастрычніку 2018 году Сынод Канстантынопальскай царквы спыніў дзеяньне граматы 1686 году аб падпарадкаваньні Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату.

    Увогуле, праваслаўныя каноны (34-е апостальскае правіла) патрабуюць асобнай царквы для асобнага народу, аднак РПЦ працягвае не прызнаваць беларусаў (як і ўкраінцаў) асобнымі народамі. З гэтай прычыны на розных узроўнях агучваецца і паўтараецца формула пра «трыадзіны расейскі народ»

    З ПАВАГАЙ , Менскі Літвін !

Цяпер чытаюць

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома32

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома

Усе навіны →
Усе навіны

У Віцебскім заапарку ўпершыню нарадзілася верблюдзяня ФОТЫ

Расійскі бізнэсмен: «Расія і Беларусь дэ-факта ўжо адна краіна, проста лагатыпы розныя». А нязгодных называе каструлямі41

Расійскі «АўтаВАЗ» прыпыніць вытворчасць пасля падзення продажаў сваіх машын Lada5

У Іране ўпаў амерыканскі самалёт. Пілота шукаюць як іранцы, так і амерыканцы3

Украіна атрымала базу ў Лівіі для атакі на расійскія караблі

Астранаўты з «Арыёна» прыслалі ФОТА Зямлі17

Камандзір Рускага добраахвотніцкага корпусу патлумачыў, ці ён арганізаваў напад на Ідрака Мірзалізадэ9

Зяленскі заявіў, што сітуацыя на фронце найлепшая за 10 месяцаў1

«Табе што, рускіх грошай шкада?» Данейка згадаў забаўны выпадак з Бабарыкам у самалёце15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома32

Чаму YouTube выдаліў каналы БелТА, СТБ і АНТ? Вось што вядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць