«Я знаходзіўся на рэжыме, які называецца «жэстачайшым». Ціханоўскі праз слёзы расказаў пра ўмовы ўтрымання палітвязняў
«Маньякі, забойцы ў суседніх камерах сядзяць і глядзяць тэлевізар, мне нельга нават ліст ад родных! Што там, як — я нічога не магу даведацца! Я не магу ні мыла сабе набыць, ні зубную шчотку, нічога!» Сяргей Ціханоўскі эмацыянальна расказаў, у якіх умовах яго ўтрымлівалі за кратамі.

У Беларусі, тлумачыць Ціханоўскі, ёсць некалькі рэжымаў адбывання зняволення: «Агульны ёсць, таксама ўзмоцнены — гэта амаль тое ж самае, што агульны, там ёсць некалькі адрозненняў. У калоніях ёсць строгі рэжым, гэта для тых, хто ўжо неаднаразова сядзеў, і таксама асаблівы рэжым, як цяпер у Статкевіча. Гэта для тых, хто асуджаны паўторна і па асабліва цяжкіх артыкулах».
Таксама Ціханоўскі згадаў турэмны рэжым, на які яго самога з часам перавялі. Але і гэта не ўсё.
«Я знаходзіўся на рэжыме, які называецца жэстачайшым — так разумею, што і Калеснікава, і Бабарыка цяпер на ім знаходзяцца. Гэта калі табе не даюць нават лістоў — два з паловай гады мне не аддавалі ні аднаго ліста. Табе не даюць званіць родным ні па скайпе, ні па тэлефоне, хаця законам гэта прадугледжана.
Мне за гэтыя больш чым пяць гадоў нават не далі паспавядацца, уяўляеце? Я праваслаўны хрысціянін, але не магу ні паспавядацца, ні прычасціцца, а ў законе прапісаная такая магчымасць штомесяц, і ў СІЗА, і ў турме. Лісты, званкі, адвакаты, святар — нічога няма».
Звычайна палітвязні могуць выдаткоўваць на атаварцы суму ў дзве базавыя велічыні, каб набыць прадукты і належныя рэчы. Ціханоўскі кажа, што яму ў турме, напэўна, па законе мусілі б даваць атаварку на адну базавую, але ў выніку ён і такой магчымасці не меў:
«Мне гадамі нельга было набыць зубную шчотку, мыла. Яны, канечне, часам давалі нешта. Стрыжня няма — сем капеек каштуе гэты стрыжань, і з такой цяжкасцю вязні яго часам перадавалі».
Далей Ціханоўскі зрабіў паўзу — пачалі душыць слёзы.
«Жэстачайшы рэжым называецца, нічога нельга! Адвакатаў нельга, скаргі не выпускаюць, лісты — нічога не выпускаюць, толькі сядзіш у гэтай камеры. Прыбіранне ў мяне — чатыры разы штодзень, два разы па гадзіне, два — па паўгадзіны. Калі ты не трэш увесь час — у ШІЗА! Навошта ўвесь час церці? Там усё блішчыць!
Прыходзяць, па сцяне праводзяць — тынкоўка белая. «Не прыбіраўся, у ШІЗА!» Гэта кашмар, вы разумееце? Гэта што, не катаванні? Нічога нельга! Кажу ім — у вас жа ў законе прапісана!
Маньякі, забойцы ў суседніх камерах сядзяць і глядзяць тэлевізар, мне нельга нават ліст ад родных! Што там, як — я нічога не магу даведацца! Я не магу ні мыла сабе набыць, ні зубную шчотку, нічога!»
Ціханоўскі расказаў, што ў такіх умовах сядзіць і палітзняволены анархіст Ігар Аліневіч:
«Як можна такое рабіць? Ёсць жа правы чалавека нейкія элементарныя, вязень жа застаецца чалавекам! Калі вы нават лічыце нас злачынцамі, ёсць жа нейкія правы! Гэта бесчалавечна, кашмар, гэта абавязкова трэба спыніць, выцягваць гэтых людзей!
[Ігар] Аліневіч дакладна гэтаксама сядзіць. Я бачыў яго і ведаю: ён толькі піша заяву на званок родным — кажуць, што ён яго быццам прапусціў, бо сядзеў у ШІЗА. І гэта што, не здзекі? Спецыяльна так робяць. Аліневіч малайчына, ён такі моцны — усё роўна піша [заявы]».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары