Грамадства66

Што народ думае пра Лугіну і «Камволь»

Навіна пра тое, што Лукашэнка звольніў з пасады кіраўніка канцэрна «Беллегпрам» Таццяну Лугіну і накіраваў яе дырэктарам прадпрыемства «Камволь», выклікала ажыўленае абмеркаванне. Супрацоўнікі прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці выказваюць песімізм адносна такой перастаноўкі і прыводзяць факты. Вінаватым у сітуацыі многія лічаць самога Лукашэнку, пішуць, што эканоміку разваліла яго некампетэнтнасць. Сабралі самыя паказальныя каментарыі з сацыяльных сетак.

На ААТ «Камволь». Фота: БелТА

«Лугіна — гэта карцінка ў тэлевізары. А тэкстыль у нас проста загінаецца»

Многія карыстальнікі адразу пачалі прыводзіць прыклады «эфектыўнасці» працы Таццяны Лугіной як кіраўніка «Беллегпрама».

«Паглядзіце, што стала з «Магатэксам», БВБА (Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб'яднаннем — НН), тым жа «Камволем» (там быў вельмі талковы дырэктар у 2020—2022) — усё пад яе кіраўніцтвам. А склад самога канцэрна? Там працавалі талковыя людзі. Дзе яны цяпер? Лугіна — гэта карцінка ў тэлевізары. А тэкстыль у нас проста загінаецца».

«Прыкладна 8 гадоў таму яе паставілі на пасаду ў «Беллегпрам». Ставіў задачу выцягнуць у Гомелі «Камінтэрн» і «8 Сакавіка»… Выцягнула??? Не!!!! Два самыя вялікія прадпрыемствы ледзьве ліпяць».

Згадалі людзі і яе працу ў Пінску на прадпрыемстве «Палессе».

«Ну нарэшце, яна атрымае тое, што заслугоўвае. ППТА «Палессе» паклала ніжэй за плінтус, а тут увогуле хана».

«Яна ААТ «Палессе» ў Пінску не падняла, не смешыце, я ўвогуле не ведаю, за якія заслугі яе забралі ў Мінск».

«Яна ў Пінску заробак на «Палессі» зялёным гарошкам і махровымі ручнікамі выдавала!»

«Навошта чыноўніцу, якую выгналі з папярэдняй пасады, накіроўваць на такое прадпрыемства?»

Асобны блок дыскусіі прысвечаны не столькі самой Лугіной, колькі логіцы ўлады пры прыняцці такіх кадравых рашэнняў. Людзі не разумеюць, чаму неэфектыўнага, на іх думку, кіраўніка перастаўляюць на іншую адказную пасаду.

Таццяна Лугіна. Фота: lugina_tatiyana / Instagram

«Навошта чыноўніцу, якую выгналі з папярэдняй пасады, накіроўваць на такое прадпрыемства? Каб выправілася ці канчаткова патапіць? У любым выпадку, даўно час пераглядаць метады кіравання дзяржаўнымі прадпрыемствамі і весці жорсткі кантроль. Не прыватнікаў душыць, а дзяржпрадпрыемствы падымаць з каленяў».

«Калі яна там не справілася, навошта яе трымаць і даваць шанец. Шанец быў». 

«То-бок загадзя неэфектыўнага кіраўніка паставілі кіраваць неэфектыўным прадпрыемствам, і яны спадзяюцца на… што? Што мінус на мінус дасць плюс, ці як?» 

Каментатары бачаць у гэтым сістэмную праблему.

«Колькі можна, адно і тое ж…»

«Ад перастаноўкі месцаў складнікаў СУМА не мяняецца».

«І так па ўсёй Беларусі, таму што ўсюды прызначаныя, вось вам і вынік…»

Каго трэба ставіць?

У каментарыях гучаць і прапановы, якім павінен быць кіраўнік праблемнага прадпрыемства. Галоўная думка — гэта павінен быць не чыноўнік «зверху», а чалавек з вытворчасці, які ведае прадпрыемства знутры.

«Патрэбны вытворца, а не чыноўнік, і лепш са сваіх, хто працуе на прадпрыемстве, тады будзе вынік». 

Таццяна Лугіна. Фота: lugina_tatiyana / Instagram

«Раз не справілася на адным месцы, навошта ставіць на іншае. Трэба свайго ўзрошчанага вытворцу ставіць, які прайшоў з нізоў да верху». 

«30 гадоў сацыялізму вусатага»

Урэшце, многія каментатары бачаць у гэтай гісторыі праяву праблем усёй эканамічнай мадэлі, якая існуе ў краіне дзесяцігоддзямі.

«70 гадоў развітога сацыялізму… 30 гадоў сацыялізму вусатага… І пытанне: ён так і не зразумеў, што калі дзяржаўнае, то гэта значыць нічыё?»

«30 гадоў забівалі, цяпер кінулі незразумела каго на прарыў тыпу… Сорамна, напэўна, у вочы сказаць жанчыне, што ты нікудышны кіраўнік, дык вырашыў пагуляць у дабрадзея… Вынік вядомы, не дасць рады… Гэта немагчыма ўжо выправіць…»

«30 гадоў кіруе, а такі бардак. Нават паказалі яго родны калгас, дзе быў дырэктарам, і там поўны хаос».

«Чыноўнікі не спраўляюцца, сам жа ён за 30 гадоў…»

Аляксандр Лукашэнка падчас наведання Камвольнага камбіната ў снежні 2017 года. Фота: БелТА.

«Калі ласка, дапамажыце»

На фоне абмеркавання лёсу «Камволя» карыстальнікі згадваюць і іншыя прадпрыемствы галіны, якія ні жывыя ні мёртвыя, і просяць звярнуць на іх увагу.

«Калі ласка, дапамажыце ААТ «Слонімская КПФ». Такая ж сітуацыя».

«А хто выратуе «Рэчыцкі тэкстыль»?????»

«Будавалі пры Саюзе велізарныя прадпрыемствы, Баранавіцкае ВБА цягнецца па плошчы на два аўтобусныя прыпынкі, таксама цягнуць за вушы шмат гадоў, толку мала. Нашымі падаткамі гасяць іх даўгі ў тым ліку, а маглі б ісці на больш патрэбнае».

Каментары6

  • якіх-сякіх
    19.10.2025
    І не баяцца ж каментаваць
  • даведка
    19.10.2025
    [Рэд. выдалена]
  • попкорн
    19.10.2025
    Вся страна где гос предприятия и колхозы - убыточна и держится на фин кредитах от россии. поражение в войне потянет и власть в беларуси на дно

Цяпер чытаюць

Бясцэнныя каштоўнасці скрадзеныя за 7 хвілін. Новыя падрабязнасці абрабавання Луўра1

Бясцэнныя каштоўнасці скрадзеныя за 7 хвілін. Новыя падрабязнасці абрабавання Луўра

Усе навіны →
Усе навіны

Створаны беларусам стартап панізіў акцыі Duolingo6

У Латвіі завялі крымінальную справу на мужчыну, які абражаў у цягніку ў Швейцарыі ўкраінска-беларускую сям'ю11

Якія прысуды даюць па справе Гаюна?13

«Куды глядзіць санстанцыя?» У сталоўцы, дзе харчуюцца сляпыя людзі, прадаюць катлеты з сырым мясам10

У цягнік першага класа ў Германіі хтосьці падкінуў трох курэй. За інфармацыю абяцаюць 500 еўра5

За каву аштрафуюць? Як праходзяць рэйды на запраўках27

У Гродне 11‑гадовы школьнік згенераваў выяву бамжа на ложку ў кватэры — маці стрымгалоў кінулася дахаты і выклікала міліцыю6

У Мінску пачаўся фестываль шансону. Нявестка Лукашэнкі прывезла Шуфуцінскага38

У Турцыі забіты ўладальнік тэлеграм-канала «Утро Дагестан»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бясцэнныя каштоўнасці скрадзеныя за 7 хвілін. Новыя падрабязнасці абрабавання Луўра1

Бясцэнныя каштоўнасці скрадзеныя за 7 хвілін. Новыя падрабязнасці абрабавання Луўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць