Грамадства99

Станіслаў Салавей: Беларуская медыцынская сістэма разбураная, і яе трэба лячыць

Гінеколаг Станіслаў Салавей прайшоў шлях ад працы ў топавых мінскіх лякарняў да начных абстрэлаў у Адэсе і палітычнай працы ў Польшчы. У інтэрв’ю «Белсату» ён расказвае, як медыцынская сістэма Беларусі сама сябе знішчае, пра заробкі медыкаў у Польшчы і чаму вярнуць беларускіх лекараў дадому будзе значна складаней, чым здаецца на першы погляд.

Станіслаў Салавей. Кракаў, Польшча. 14 красавіка 2024 года. Фота: Караліна Новіцка / Белсат

У 2021 годзе Станіслаў Салавей пакінуў Беларусь і два гады працаваў акушэрам-гінеколагам ва Украіне, затым пераехаў у Польшчу і далучыўся да Аб’яднанага пераходнага кабінету, дзе адказвае за блок аховы здароўя і праект рэформаў на пераходны перыяд.

Станіслаў Салавей — выпускнік БДМУ. З 2016 года працаваў акушэрам-гінеколагам і доктарам ультрагукавой дыягностыкі ў 3‑й клінічнай лякарні Мінску, раней праходзіў інтэрнатуру і працаваў у РНПЦ «Маці і дзіця». У 2019 годзе атрымаў прэмію за навуковую дзейнасць. Падчас пандэміі дамагаўся справядлівых кавідных выплат. У 2020 годзе ўдзельнічаў у ланцугах салідарнасці, акцыях пратэсту, двойчы быў арыштаваны, уваходзіў у незалежны прафсаюз медыкаў «Панацэя». Пасля таго, як галоўны лекар 3‑й лякарні прапанавала яму «звольніцца па-добраму», Станіслаў расказаў пра гэта публічна.

Ад канвееру жорсткасці да ціску ў лякарні: як вялікая рэпрэсіўная машына дайшла да кожнага 

— Калі вярнуцца да 2020 года: што вас больш за ўсё здзівіла, напалохала або ўразіла — як лекара і як чалавека? 

— Вынікі выбараў не былі сюрпрызам ні для каго. Усе выдатна разумелі, што сумленных выбараў не будзе, фальсіфікацый чакалі. Не было адкрыццём і тое, што сілавыя структуры ў Беларусі здольныя на жорсткасць. 

Але маштаб таго, што адбылося пасля выбараў, — вось гэта быў шок. Тое, што гвалт стаў масавым, канвеерным, што з месцаў утрымання фактычна зрабілі катавальныя лагеры, што гэта рабілася дэманстратыўна і ў такіх маштабах — гэтага, я думаю, ніхто сур'ёзна не мог уявіць. Маштаб рэпрэсій, спроба задушыць першую хвалю пратэстаў — такога ў сучаснай гісторыі Беларусі не было. 

І нават гэтага было мала, каб хутка ўсё зламаць. Давялося ўключаць доўгую, ліпкую рэпрэсіўную машыну: год метадычнага ціску, пакуль не ўдалося цалкам выціснуць публічныя формы пратэсту, якія потым ізноў выбухнулі ўжо ў кантэксце вайны ў 2022 годзе. Краіна дэ-факта перайшла ў паўвайсковы стан — з цэнзурай, легалізаванымі катаваннямі, дэманстратыўным ігнараваннем законаў. І гэта, вядома, моцна змяніла ўнутранае адчуванне рэальнасці. 

— Што стала для вас самым балючым у сыходзе з 3‑й сталічнай лякарні: сама працэдура звальнення, ціск, адчуванне, што сістэма ломіць тых, хто не маўчыць? 

— Цяпер пра гэта казаць цяжэй, пасля гэтага адбылося столькі ўсяго, што звальненне на тым фоне перастала здавацца чымсьці сурʼёзным: дзве эміграцыі, жыццё ў краіне, дзе ідзе вайна. 

Ды і тады гэта не ўспрымалася як «канец свету». Вядома, было непрыемна: 3‑ая лякарня — гэта месца, дзе я сфармаваўся як спецыяліст. «Жыў на працы» — гэта пра мяне. Я сапраўды начамі прыязджаў, калі быў патрэбны, нават па-за сваімі дзяжурствамі. 

Але калі глядзець шырэй, гэта ўсё выглядала як цырк: у краіне хранічны дэфіцыт дактароў — пры гэтым улада робіць усё, каб гэты дэфіцыт узмацніць. Выкідаюць нязгодных студэнтаў, выціскаюць лекараў, якія дазваляюць сабе мець думкі. Калектыў, які сфармаваўся ў нас у аддзяленні, на мой погляд, быў адным з найлепшых у Менску паводле ўзроўню і абʼёму аперацый. І гэты калектыў даволі хутка разагналі: за год звольнілася больш як палова асноўнага складу. Фармальна аддзяленне не закрылі, але ўзровень і абʼём працы прыкметна знізіліся. 

Станіслаў Салавей. Фота з асабістага архіва

Пытанне — каму ў выніку зрабілі больш балюча? Сістэме і пацыентам. Гэта вельмі паказальна для падыходу ўладаў: ключавая задача — выціснуць нязгодных, хай нават коштам разбурэння працоўных структур. Спачатку людзей фактычна выштурхваюць з краіны, кажуць: «валіце, вы тут не патрэбныя», а калі пасля фізічна няма каму працаваць, пачынаюць разважаць пра «сотні тысяч мігрантаў», якія нібыта прыедуць і ўсіх выратуюць. 

Украіна як ратаванне «тут і цяпер», якое пазней ператварылася ў жыццё на фоне вайны 

— Калі вы выбіралі, куды зʼязджаць, чаму выбар упаў менавіта на Украіну? 

— Трэба разумець мой эмацыйны стан. Бо ад усведамлення, што давядзецца зʼязджаць, да прынятай пастановы прайшло літаральна пару дзён. Украіна была з разраду «хутка зʼехаць туды, дзе не дастануць, а там ужо канчаткова вызначуся». 

У мяне быў сярэдні ўзровень нямецкай, тэарэтычна можна было глядзець на Нямеччыну. Але ў Нямеччыне гэта азначала б працяглы перыяд без працы: навучанне мове, экзамены, бюракратыя. Ва Украіне беларускаму лекару ўвайсці ў сістэму тады было значна прасцей: мова падобная, дакументы афармляюцца праз зразумелыя схемы, культура медычнай працы бліжэйшая. 

Трэба шчыра сказаць: у мяне ніколі не было мары «зʼехаць назаўсёды». Максімум, пра што я думаў раней, — папрацаваць нейкі час за мяжой. Велізарную ролю адыгралі сябры і калегі. Пакуль я прыходзіў у сябе, паралельна адпраўляў рэзюмэ паводле прынцыпу «паспрабую, а там паглядзім». Дзякуючы сябрам з Адэсы прыйшла прапанова з вельмі добрымі ўмовамі, і ў нейкі момант я падумаў, што было б дзіўна ад гэтага адмовіцца. 

Думаю, адыграла ролю і адчуванне часовасці. Здавалася, што гаворка ідзе пра год-паўтара працы, а не пра незваротны намер памяняць краіну і жыццё. Украіна ў той момант выглядала як варыянт, дзе можна хутка вярнуцца да звыклай працы і не праваліцца ў шматгадовую бюракратычную яму. 

— Вы пражылі ў Адэсе два гады ва ўмовах поўнамаштабнай вайны. Як выглядалі будні: праца, побыт, страхі, камунікацыя з пацыентамі? Што было самым цяжкім? 

— 24 лютага 2022 года я памятаю вельмі добра. Напярэдадні я яшчэ пераконваў калегу, што вайны не будзе: гэта вайна, якую нельга выйграць, у ёй няма ніякай логікі. Даведаўся пра пачатак фактычна з прылётаў: першыя ўдары на Адэсу былі раніцай, даволі недалёка ад нас. 

Адэсу бамбілі з першых дзён. Горад апусцеў, зʼявіліся блокпасты, чэргі, абмежаваны час працы крам. Імкліва знікла звыклая карцінка жыцця: рахункі ў банках, лагістыка, усё, што здавалася ўстойлівым. Для замежнікаў, тым больш беларусаў, гэта дадавала прыгод: маглі падрапаць машыну, спусціць колы, афіцыйныя структуры ставіліся са свядомым недаверам — такія бытавыя, але вельмі паказальныя дэталі. 

Гарызонт планавання рэзка скараціўся. Жывеш ад сённяшняга дня да канца тыдня. Калі некалькі начэй запар ідуць інтэнсіўныя абстрэлы, ты днём проста існуеш у рэжыме «хачу спаць». Быў момант, калі пасля доўгай серыі начных трывог і ўдараў «шахедаў» я лёг спаць з думкай: «Ужо прызямліся ды выбухні, толькі дай выспацца». 

Клініка пры гэтым працягвала працу. Пацыенты ўсё разумелі, мы ўсе былі ў адным інфармацыйным полі, надта абмяркоўваць ужо не было чаго — кожны жыў з тым самым узроўнем трывогі. З часам чалавек звыкае амаль да ўсяго. Я вельмі добра разумею людзей, якія цяпер працягваюць жыць у прыфрантавых гарадах: надыходзіць момант, калі вайна робіцца фонам. У выніку ва ўмовах вайны я пражыў у Адэсе крыху больш за два гады. 

— Чаму вы пакінулі Украіну? 

— Прычына бюракратычная. Я не паспеў своечасова памяняць пашпарт. У той момант, калі надышоў час падаваць дакументы на замену, зʼявіўся закон, які забараніў мяняць пашпарты за межамі Беларусі. І ўсё — ты апынаешся ў прававой дзірцы. 

У цябе ёсць дазвол на жыхарства ў краіне, дзе ідзе поўнамаштабная вайна, і ён нібыта бестэрміновы. З іншага боку, ён завязаны на дакумент, якога ты не можаш абнавіць. Амбасады няма, паехаць у іншую краіну, дзе ёсць консульства, ты не можаш, бо твой пашпарт заканчваецца. Праз нейкі час ты ператвараешся ў чалавека з пратэрмінаваным дакументам — і гэта ўжо зусім іншая рэальнасць. 

Фармальна заставаўся варыянт падавацца на прытулак. Але я ведаю літаральна адзінкавыя выпадкі, калі людзі атрымлівалі статус уцекача ва Украіне. У большасці гэта або адмовы, або гісторыя на шмат месяцаў, калі не гадоў. 

Польшча тут — вынік Дублінскага рэгламенту: прасіць ахову трэба ў першай краіне, куды ты заехаў або маеш візу. У мяне была гуманітарная віза на пашпарт, які заканчваецца, і я прыехаў у Польшчу, каб падаць заяўку на ахову і неяк скончыць гэтую гісторыю. З побытавага боку вельмі дапамагалі сябры і знаёмыя: дзе жыць, як адкрыць рахунак, як размаўляць з чыноўнікамі. 

 

Паміж Doctorina, клінікай і АПК: чым цяпер займаецца Станіслаў Салавей 

— Дзе вы наогул цяпер працуеце? 

— Цяпер у мяне некалькі кірункаў працы, але асноўны даход дае IT-праект Doctorina — платформа на аснове штучнага інтэлекту. Ідэя ў тым, каб распрацаваць доктара на базе ШІ, які можа закрываць медычныя патрэбы людзей, у якіх з нейкай прычыны няма доступу да лекараў: даць хуткае тлумачэнне сітуацыі, другое меркаванне або падказаць, куды звяртацца далей. 

Паралельна я падзарабляю ў польскай клініцы на пазіцыі асістэнта. Задача вельмі простая: хутчэй вывучыць мову, лепш зразумець сістэму, адаптавацца. У будучыні я хацеў бы ўсё ж вярнуцца да практыкі гінеколага. 

Свой беларускі дыплом я ў Польшчы ўжо пацвердзіў, але гэта толькі першы этап. Каб стаць лекарам-практыкам, трэба здаваць моўны экзамен, прафесійны экзамен, праходзіць стаж і потым рэзідэнтуру. Гэта гады. 

І, вядома, ёсць яшчэ праца ў Абʼяднаным пераходным кабінеце. 

— Што ўваходзіць у вашыя абавязкі ў Абʼяднаным пераходным кабінеце? 

— Мая задача ў кабінеце — гэта, найперш, блок аховы здароўя: аналіз сітуацыі, планаванне крокаў дзеля рэфармавання сістэмы, праца з уразлівымі групамі, медычная экспертыза дзеля палітвязняў. 

Пачалі мы з самага базавага: зразумець, якія рэсурсы наогул ёсць. Мы праводзілі даследаванні колькасці лекараў, бо лічбы Міністэрства аховы здароўя не супадалі з рэальнасцю. Пазней — даследаванні, датычныя медсёстраў і ўмоў працы. 

Станіслаў Салавей. Кракаў, Польшча. 14 красавіка 2024 года. Фота: Караліна Новіцка / Белсат

Мы стараемся вывесці тэму медыцыны з рэжыму гераізацыі, калі пра медыкаў кажуць толькі як пра герояў, у рэжым нармальнага абмеркавання праблем. Бо сістэма разбураная — і яе трэба лячыць. І калі рэформы напішуць толькі медыкі, яны не спадабаюцца нікому, акрамя медыкаў. Таму мы залучаем эканамістаў, юрыстаў, пацыентаў, людзей, якія разумеюць, як уладкаваныя працэсы. Беларусь у гэтым сэнсе ўнікальная: у нас інтарэсы чыноўнікаў стаяць вышэй за інтарэсы і пацыентаў, і дактароў. 

Цяпер мы гаворым не столькі пра рэформы, колькі пра санацыю — спробу стабілізаваць сістэму ў першыя гадзіны, дні і месяцы пасля змен, каб яна проста не абрынулася. Бо «адразу лепш» не будзе. А вярнуць дактароў з эміграцыі надзвычай складана: заробкі ў медыцыне адрозніваюцца ў разы, і аб’ектыўных прычын вяртацца ў людзей няшмат. Таму важна разумець, што можна зрабіць у краіне тут і цяпер, каб сістэма не раскідалася канчаткова. 

— Вы падпрацоўваеце асістэнтам у польскай клініцы. Калі параўнаць гэты даход з тым, што вы атрымлівалі доктарам у Менску, што выходзіць? 

— Калі мы пачынаем казаць пра заробкі, розніца робіцца яшчэ больш адчувальнай. Я разумею, што асістэнт у клініцы — гэта не тое ж самае, што паўнавартасная стаўка лекара-спецыяліста. Але нават мая падпрацоўка асістэнтам тут дае больш, чым стаўка лекара ў Менску, калі пералічыць на голыя еўра. У Менску я працаваў не на адну стаўку, тут — іншы ўзровень даходу. Зразумела, што выдаткі таксама вышэйшыя: арэнда жытла ў Польшчы і ў Менску — гэта неба і зямля. Але калі казаць пра дактароў-спецыялістаў, рэзідэнтаў, то польскі доктар можа спакойна дазволіць сабе жытло, іпатэку, машыну, адпачынак, падарожжы. Для яго гэта не «ўаў, неймаверная раскоша». Гэта нармальны вынік нармальнай працы. Параўноўваць з беларускай рэальнасцю тут проста балюча. 

— Вярнуліся б вы ў Беларусь, калі б надарылася такая магчымасць? 

— Цяпер я магу шчыра сказаць: пакуль — так. Але я вельмі асцярожна стаўлюся да любых катэгарычным заяў на гэтую тэму. Жыццё і вайна паказалі: тое, што чалавек кажа, не заўсёды супадае з тым, як ён паводзіцца ў рэальнай крытычнай сітуацыі. 

Я бачыў гэта на прыкладзе Украіны. Быў лекар-украінец, які да вайны вельмі гучна казаў, што «калі пачнецца, вазьму аўтамат і пайду», а калі пачалося — праз пару дзён ён ужо валанцёрыў дзесьці пад Ратэрдамам. І быў іншы прыклад — вельмі спакойны анэстэзіёлаг-рэаніматолаг, які ніколі не біў сябе ў грудзі і жыў звычайным жыццём. Але калі да ягонага гораду пачала падыходзіць тэхніка, проста адправіў сямʼю ў Еўропу, а сам стаў хадзіць на працу з паляўнічай стрэльбай. Таму я асцярожна стаўлюся да фраз «я ніколі не…» або «я абавязкова…» 

Трэба разумець яшчэ адну рэч: чым даўжэй чалавек жыве ў іншай краіне, тым глыбей ён прарастае каранямі. Праца, мова, дзеці, школа, сацыяльныя сувязі… Калі ў цябе ўжо ёсць стабільная праца ў клініцы, распісаныя графікі дзяжурстваў на месяцы наперад, калегі, якія на цябе разлічваюць, пытанне «ці магу я заўтра ўсё кінуць і зʼехаць» перастае быць абстрактным. Гэта тычыцца не толькі дактароў, але ў медыкаў сітуацыя асабліва складаная: пацвердзіць дыплом і ўбудавацца ў сістэму — доўгі шлях, і чым далей ты на ім прасунуўся, тым даражэй каштуе рэзкі разварот.

Я вельмі добра разумею, што адсотак вяртання сярод медыкаў будзе ніжэйшы, чым сярод многіх іншых прафесій. Ужо цяпер я ўпэўнены, што значная частка калег, з якімі мы разам працуем над рэформамі, не вернецца. І гэта нармальна, ніхто не абавязаны ахвяраваць сваім жыццём і сямʼёй дзеля сімвалічнага жэсту. Таму мой сумленны адказ такі: цяпер я хацеў бы вярнуцца, калі зʼявіцца рэальная магчымасць вярнуцца ў свабодную Беларусь і быць карысным і як лекар, і як чалавек. Але канчаткова на такія пытанні адказваюць не на інтэрвʼю, а ў той момант, калі гэтая магчымасць сапраўды зʼяўляецца. 

Каментары9

  • Цьху
    21.12.2025
    Цалкам страчаная рэальнасць у гэтага чалавека. Сітуацыя з медыцынай у нас швахавая, але аднаўляецца, бо выпускаюць новых дактароў - час залечвае раны. А калі паглядзець на Польшчу і Літву, дык увогуле нібыта нічога, бо там немагчыма нават да простага доктара запісацца аператыўна на прыём, не кажучы пра вузка-спецыялізаваных. Не кажу пра Англію ці тыя ж ЗША, дзе не кожны нават можа звярнуцца ў медычную ўстанову.
    Ня трэба пляваць у бок сваіх людзей! Лукашэнка не вечны, а беларусы выцягваюць краіну як могуць, покуль такія Салаўі языкамі ядавіцяць.
  • 22 см
    21.12.2025
    Зараз у польскім ЗУСе грошай няма нават аналіз крыві ўзяць. Доктар маёй жонцы дыягназ наўгад ставіла. Пры галавакружэннях без аналізу крыві паставіла запаленне сярэдняга вуха. Я ржаў як конь. Тое што гэты доктар зарабляе шмат грошай ніяк не кажа пра якасць медыцыны...
  • Мда
    21.12.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Астранаўты з «Арыёна» прыслалі ФОТА Зямлі9

Астранаўты з «Арыёна» прыслалі ФОТА Зямлі

Усе навіны →
Усе навіны

У Брэсцкай вобласці назіраецца ўспышка шаленства

Касмічны карабель «Арыён» сыходзіць з арбіты Зямлі і адпраўляецца да Месяца5

У Магілёве прагучалі два моцныя выбухі1

Тры прасцюсенькія перамены ў звычках могуць падоўжыць жыццё4

Рэдкі чарнавік песні Боба Дылана знайшлі ў кнізе, што прадавалася ў кнігарні

Усё менш і менш: колькі і якія візы выдае беларусам Германія3

Лукашэнка выцягнуў Умку нават на хакейную пляцоўку ВІДЭА10

Трамп звольніў генеральнага пракурора. Гэта можа быць звязана са справай Эпштэйна3

Начальнік са Следчага камітэта ехаў п'яным, груба парушаў ПДР, біўся з даішнікамі і ўцякаў ад іх. Атрымаў «хімію»5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Астранаўты з «Арыёна» прыслалі ФОТА Зямлі9

Астранаўты з «Арыёна» прыслалі ФОТА Зямлі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць