Бандарэнка накінуўся на Ціханоўскую. Вінаградаў рэзка адказаў яму
Бандарэнка абвінаваціў Ціханоўскую, што яна ўцякла з Беларусі ў 2020-м. Вінаградаў нагадаў, што сам Бандарэнка ў свой час напісаў прашэнне аб памілаванні і адразу пасля вызвалення ўцёк за мяжу. «І чорт бы з ім, з тым памілаваннем, калі б ён не накідваў на сябе пуху: «Я — баец! Усім — пі**зец!» — абураецца Вінаградаў, тройчы палітвязень.

Хартыец Дзмітрый Бандарэнка, сябар назіральнай рады фонда «Еўрапейская Беларусь» і былы палітвязень, у безапеляцыйнай манеры раскрытыкаваў Святлану Ціханоўскую, прыпісаўшы ёй усе магчымыя грахі, і рэальныя, і фантомныя.
Увогуле цэнтральнай ідэяй інтэрв’ю Бандарэнкі на сваёй жа Хартыі’97 была прапанова наконт таго, каб прадстаўніком беларусаў у свеце стаў Алесь Бяляцкі — відавочна, замест Святланы Ціханоўскай. Аднак гэта думка патанула ў патоках абвінавачванняў.
«Я перыядычна бываю ў Літве і чуў ад літоўцаў, што «вашая там Ціханоўская ездзіць на аўтамабілях з мігалкамі, палохае людзей, у той час як прэзідэнт і прэм'ер-міністр Літвы вельмі рэдка імі карыстаюцца», — наракаў Бандарэнка, хоць Ціханоўская, натуральна, з мігалкамі не ездзіла.
У віну ёй Бандарэнка паставіў і выезд з Беларусі ў 2020 годзе, і скарачэнне колькасці беларусаў у Літве ў 2024‑2025 гадах, і нявывучаную літоўскую мову, і арышты па справе Чорнай кнігі Беларусі, і па справе Гаюна.
На яго інтэрв’ю адрэагаваў Павел Вінаградаў — тройчы палітвязень, які двойчы выходзіў на свабоду па памілаванні, прынцыпова не падпісваючы ніводнае прашэнне на імя Лукашэнкі.

«Я не вытрымаў. Давядзецца мне часова ўзяць у рукі караючы бізун. Усё таму, што я наткнуўся на тое, як Дзмітрый Бандарэнка сказаў у інтэрв’ю «Хартыі», што «Ціханоўская баязліва з’ехала з Беларусі на наступны дзень пасля выбараў».
Я даўно заўважыў, што аматары абвінавачваць кагосьці ў баязлівасці самі звычайна не самыя смелыя персанажы (гэта я, каб не пісаць слова «ссыкуны»).
Хтосьці забыў, хтосьці не ведаў, а я вось выдатна памятаю, што ў Дзмітрыя падпісана прашэнне аб памілаванні. (І чорт бы з ім, з тым памілаваннем, калі б ён не накідваў на сябе пуху: «Я — баец! Усім — пі**зец!».) І адразу пасля вызвалення ён уцёк за мяжу, хоць гэта былі вегетарыянскія часы — першая палова дзясятых.
Калі я бачу, як бздун кажа, што набздзеў нехта іншы, — рукі самі цягнуцца да караючага бізуна. У сваім воку бервяно, а ў другіх парушынку разглядаюць», — напісаў Вінаградаў, суправадзіўшы тэкст наборам фекальных метафар.
Вінаградава ў дыскусіі падтрымалі былыя палітвязні Мікола Дзядок, Ігар Лосік, Аляксандр Атрошчанкаў. А вось былыя палітвязні Максім Вінярскі і Сяргей Спарыш сталі на бок тэзісаў Бандарэнкі.
Каментары