Архіў

Авангард з памідорамі

№ 40 (302), 24 кастрычніка 2002 г.

Авангард з памідорамі

У рамках “Польскай восені ў Менску” выступалі авангардны музычны гурт і балетная трупа. Суцэльныя адкрыцьці.

Упершыню за апошнія 60 гадоў у Купалаўскім тэатры гучала музыка, не зьвязаная з тэатральным відовішчам. 19 кастрычніка там адбыўся канцэрт кракаўскага авангарднага гурту “Muzika centrum ensemble”. Ён меўся зайграць у канцэртнай залі Беларускай філярмоніі, аднак аварыйны стан будынку вымусіў арганізатараў шукаць іншае памяшканьне.

Галоўнай неспадзяванкай вечару быў аншляг. Тыповы наведнік гэткіх імпрэзаў — прафэсар кансэрваторыі, які імкнецца надаць сабе вагі ў сваіх вачох. Ён наперад ведае, што артысты будуць зьдзекавацца з інструмэнтаў, біць і шчыпаць іх у дарэмнай надзеі выбіць зь іх гукі, якіх ніхто раней ня чуў. І ўсё гэта будзе адбывацца доўга і нудна, у атмасфэры сьмяротнай сур’ёзнасьці, з прэтэнзіяй на “канцэптуалізм”.

Гэтым разам усё было наадварот. Замест нуднай кансэрваторскай прафэсуры ў залі тлумілася моладзь. Дый музыкі з Кракава выявіліся людзьмі надзіва вясёлымі. Яны ня проста білі і шчыпалі свае інструмэнты, але кпілі самі зь сябе, і найболей — з канцэптуалісцкай надзьмутасьці. Асабліва спадабаўся мне “струнны квартэт” — музыкі смыкамі гралі на мэталёвых пюпітрах. Цьвіком імпрэзы была сьпявачка Вольга Швайгер, якая забаўляла публіку пародыямі на авангардысцкі вакал. І хоць слухачы ня ведалі “першакрыніцаў”, пародыі прымаліся “на ўра”.

Выканалі музыкі й два творы беларускіх аўтараў. Першым была п’еса Яўгена Паплаўскага, напісаная для габоя, сынтэзатара і ўдарных. Сынтэзатар стварае фон, ударныя — рытм, а габой — мэлёдыю. У сукупнасьці гэта нагадвае авангардны эўрапейскі джаз ці індыйскую рагу. Чыста электронная п’еса Руслана Апановіча будуецца на імітаваньні выцьця вайсковых самалётаў. Дзякуючы надзвычайнай якасьці кампутарных эфэктаў ілюзія часам была поўнай. Як для мяне, 15 хвілінаў начнога паветранага налёту — гэта задужа. Дый сама ідэя выклікала ў памяці сымфанічную п’есу Кшыштафа Пэндарэцкага “Трэнас памяці ахвяраў Хірасімы”.

Праграма вечару не абмежавалася канцэртам. Калі публіка была сытая музыкай, распачаўся камэрны спэктакль “Аўдыенцыя ІІІ” паводле п’есы Багуслава Шэфэра — польскага кампазытара і тэарэтыка музычнага авангарду. У маладыя гады ён бавіўся пісаньнем драматычных твораў і музыкі да іх. Апошняй у “Аўдыенцыі ІІІ” нямнога, дый дыялёгі больш падобныя да кухоннага інтэлігенцкага сьцёбу. Тым цікавей было назіраць за акторамі — Богданам Сламіньскім і Ганнай Мусялуўнай, — якія здолелі надаць прымітыўнаму тэксту глыбокі сэнс і зьмястоўнасьць.

Назаўтра палякі частавалі нас познанскім балетам. Аднак заля Музычнага тэатру, дзе яны выступалі, была напалову пустая. У першых шэрагах з камфортам разьмясьціўся ўзвод амонаўцаў. Магчыма, яны даведаліся, што ў адным зь міні-спэктакляў дэманструюцца найноўшыя прыёмы айкідо, і прыйшлі адточваць майстэрства. У другім аддзяленьні амонаўцаў ужо не было. А спэктакль “Wo—man у памідорах” (харэаграфія Ёсі Бэрга з Ізраілю) выявіўся крыху цікавейшым за папярэднія. Тэатар стварыў харэаграфічную паэму пра сучасных “жорсткіх” кабетаў і пра мужчынаў, якія іх кахаюць. Галоўнай адметнасьцю спэктаклю былі чатыры скрыні памідораў, якія ў фінале рассыпалі па ўсёй сцэне. Памідор — гародніна правакацыйная, асабліва ў тэатры. Але гэтым разам абышлося без інцыдэнтаў. Нашая рахманая публіка спакойна “зьела” і безьзьмястоўнасьць, і памідоры.

Юлія Андрэева


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Інжынера-канструктара з упраўлення «Пеленга», якое робіць тэхніку для расійскага войска, асудзілі па палітычных артыкулах4

Інжынера-канструктара з упраўлення «Пеленга», якое робіць тэхніку для расійскага войска, асудзілі па палітычных артыкулах

Усе навіны →
Усе навіны

Кавалеўскі: Ціханоўскія не разумеюць далікатнасці і складанасці гуманітарнага трэку, які прывёў да вызвалення 300 палітвязняў43

Начальнік іранскай турмы для палітычных знік у невядомым кірунку2

Галоўны ідэолаг Беларусі знайшоў у краіне «псеўдапатрыятычныя ячэйкі» і заклікаў да змагання з імі «адзіным баявым кулаком»31

У крэйдавых азёрах назіраюць гіганцкіх рыбін ВІДЭА3

«Пазнаёмілася з турэцкім вайскоўцам праз інтэрнэт. Праз месяц разам сядзелі над асманска-беларускім слоўнікам Сокалава-Воюша»7

Камандзір чачэнскага спецназу назваў журналістаў «петухамі» і паказаў, што носіць гадзіннік за 250 тысяч еўра

«Сделано в Белоруссии». Сацсеткі ўзбудзіліся ад сыру загадкавага паходжання9

Сяргей Ціханоўскі атрымаў пашпарт Новай Беларусі ФОТАФАКТ17

У Польшчы збіраюць грошы на лячэнне хворага беларускага хлопчыка6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Інжынера-канструктара з упраўлення «Пеленга», якое робіць тэхніку для расійскага войска, асудзілі па палітычных артыкулах4

Інжынера-канструктара з упраўлення «Пеленга», якое робіць тэхніку для расійскага войска, асудзілі па палітычных артыкулах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць