БЕЛ Ł РУС

Wintershall настройваецца на сланцавую рэвалюцыю

14.03.2013 / 02:33

Як гэта адаб’ецца на партнёрстве найбуйнейшай нямецкай нафтагазавай кампаніі з «Газпрамам»?

Найбуйнейшая нямецкая нафтагазавая кампанія Wintershall дамаглася ў 2012 годзе рэкордных паказчыкаў. Прыбытак стоадсоткавай дачкі хімічнага канцэрна BASF вырас амаль на 13% і дасягнуў 1,2 мільярда еўра, выручка падскочыла на 39% і склала 16,7 мільярда еўра. Беспрэцэдэнтнымі ў больш чым стогадовай гісторыі фірмы аказаліся і аб’ёмы здабычы — 144 мільёны барэляў нафтавага эквіваленту.

«Гіганцкія зрухі ў сусветнай энергетыцы»

Аднак гадавую прэс-канферэнцыю Wintershall у Касэлі кіраўнік кампаніі Райнэр Зеле пачаў 12 сакавіка зусім не з абвяшчэння гэтых лічбаў, а з канцэптуальных выказванняў наконт будучыні ўсёй галіны. «У цяперашні час мы з’яўляемся сведкамі гіганцкіх зрухаў у сусветнай энергетыцы, якія зменяць глабальную палітыка-эканамічную геаметрыю», — заявіў топ-мэнэджар і растлумачыў, што «рухальная сіла гэтага працэсу — прыродны газ, дакладней кажучы — сланцавы газ».

Райнэр Зеле падрабязна апісаў наступствы, якія ўжо мае і яшчэ займее сланцавая рэвалюцыя, і выказаў шкадаванне з нагоды таго, што Еўропа, у адрозненне ад ЗША, Кітая і Паўднёвай Амерыкі, пакуль у ёй не ўдзельнічае. Бо такая індустрыяльна развітая краіна, як Германія, не можа, паводле яго словаў, дазволіць сабе не мець уласнай газаздабычы.

Аднак захаваць яе хаця б на цяперашнім невысокім узроўні можна будзе толькі шляхам асваення на нямецкай тэрыторыі сланцавых радовішчаў. «Той, хто спрабуе накласці поўную забарону на такую надзейную, як паказаў час, тэхналогію, як фрэкінг, наносіць шкоду эканоміцы нашай краіны», — перакананы кіраўнік кампаніі Wintershall. Ён заклікаў палітыкаў і грамадскасць весці дыскусію аб гэтай тэхналогіі і яе экалагічных аспектах рацыянальна, а не эмацыйна.

Не пакінуўшы, такім чынам, нават найменшых сумневаў у прынцыповым намеры Wintershall у перспектыве шырока ўдзельнічаць у сусветнай сланцавай рэвалюцыі, Райнэр Зеле перайшоў да канкрэтных планаў сваёй кампаніі на найбліжэйшы час. Пра абраную стратэгію развіцця недвухсэнсоўна казаў дэвіз прэс-канферэнцыі: «Бліжэй да крыніц». Іншымі словамі, кіраўніцтва Wintershall робіць стаўку на здабычу энерганосьбітаў і адыходзіць ад гандлю газам.

Абмен актывамі з «Газпрамам»

У гэтую новую канцэпцыю цалкам упісваецца шырокамаштабны абмен актывамі з «Газпрамам», пра які было абвешчана ў лістападзе 2012 года. Wintershall саступае даўняму расійскаму партнёру ўвесь свой бізнэс па захоўванні газу і яго продажы канчатковым спажыўцам у Еўропе (у прыватнасці, сумеснае прадпрыемства Wingas і найбуйнейшае ў Заходняй Еўропе падземнае сховішча ў Рэдэне), а ўзамен атрымлівае 25% плюс адну долю ў яшчэ двух участках ачымаўскіх адкладаў Урэнгойскага радовішча. У перспектыве долю ў абодвух выпадках можна будзе давесці да 50%.

Райнэр Зеле і яго калегі па кіраванні Wintershall неаднаразова паўтаралі падчас прэс-канферэнцыі, што гэта ўзаемавыгадная дамоўленасць. Нямецкая кампанія атрымлівае магчымасць сканцэнтравацца на здабычы газу і прымяняць свае інавацыйныя тэхналогіі, а «Газпрам» дамагаецца даўняй мэты — з экспарцёра газу ператвараецца ў вытворцу, які мае ў Еўропе ўласную збытавую структуру. Да таго ж расійскі канцэрн падключаецца да здабычы газу ў нідэрландскім участку Паўночнага мора.

Усё ідзе па плане

Адказваючы на пытанне карэспандэнта DW аб тэрмінах рэалізацыі ўгоды пра абмен актывамі, сябра праўлення Wintershall і кіраўнік яе расійскага дэпартамента Марыа Мерэн паведаміў, што ўсе апошнія месяцы ішла інтэнсіўная праца па ўзгадненні дэталяў дасягнутых дамоўленасцяў.

«І вось у найбліжэйшыя дні мы збіраемся падаць дакументы ў Еўрапейскую камісію і будзем гатовыя адказваць на пытанні, якія ўзнікаюць», — сказаў Мерэн. Ён разлічвае, што рэгулятар, як і планавалася, ухваліць угоду да канца 2013. А ў найбліжэйшыя месяцы, паводле прагнозу мэнэджара, кампанія Wintershall прыме прынцыповае рашэнне аб тым, ці будзе яна ўдзельнічаць у праекце пракладкі трэцяй і чацвёртай нітак трубаправода «Паўночны паток». Мяркуючы па ўсім, асаблівага энтузіязму гэтая ідэя ў штаб-кватэры ў Касэлі не выклікае.

Зусім іншая рэч — «Паўднёвы паток». «Хачу запэўніць усіх скептыкаў — мы пабудуем гэты трубаправод!» — усклікнуў Райнэр Зеле, і з яго палемічнага тону было відаць, што ў гэтага праекта відавочна шмат праціўнікаў. Марыа Мерэн дадаў, што пракладка марскога ўчастка гэтай газатранспартнай магістралі, якая, паводле словаў кіраўніка Wintershall, абыдзецца ў 10 мільярдаў еўра, павінная пачацца ў 2014 годзе.

Такім чынам, супрацоўніцтва з «Газпрамам» ад пераарыентацыі Wintershall на здабычу энерганосьбітаў і павышаная цікавасць да сланцавай тэматыкі ў дадзены момант, падобна, не пакутуе. Аднак падрабязны аповед на прэс-канферэнцыі пра ўсё большую актыўнасць кампаніі ў Нарвегіі, пра поспехі нафтаздабычы ў Лівіі, пра планы асваення сланцавых радовішчаў у Аргентыне і спробах замацавацца ў Абу-Дабі і Катары ўсё ж пакінулі адчуванне, што расійскі гігант паступова будзе страчваць былую ролю даміноўнага эксклюзіўнага партнёра нямецкай кампаніі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула