Беларусь пачала перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС
Цэнтральным элементам візіту намесніка міністра замежных спраў Алены Купчыной у Брусель 29—30 студзеня стаў афіцыйны пачатак перамоў паміж Беларуссю і Еўрапейскай камісіяй па пагадненнях аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі. Пра гэта паведаміла прэс-служба беларускага МЗС.
На сустрэчы з генеральным дырэктарам генеральнага дэпартамента ўнутраных спраў ЕК Стэфана Мансервізі былі ўзгоднены «мадальнасці перамоў», наступны раунд якіх адбудзецца ў сакавіку ў Мінску.
Падчас сустрэч Купчыной з еўрапейскім камісарам па пашырэннi і еўрапейскай палітыцы суседства Штэфанам Фюле і дырэктарам дэпартамента Расіі, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунарам Вігандам былі абмеркаваны «перспектывы беларуска-еўрапейскага дыялогу і практычнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам», у тым ліку ўдзел Беларусі ва Усходнім партнёрстве і тэхнічнае супрацоўніцтва.
Дасягнуты дамоўленасці аб пачатку кансультацый па пытаннях мадэрнізацыі ў мэтах вызначэння найлепшай формы будучага супрацоўніцтва паміж урадам Беларусі і Еўрапейскім саюзам у гэтай сферы ў адпаведнасці з параграфам 29 выніковай дэкларацыi Віленскага саміту Усходняга партнёрства.
Адносіны Беларусі з Еўрапейскім парламентам былі прадметам гутарак Купчыной з віцэ-прэзідэнтам ЕП Яцакам Пратасевічам і кіраўніком дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Філіпам Качмаракам.
Пра намер Беларусі пачаць перамовы з ЕС аб спрашчэнні візавых працэдур паведаміў на лістападаўскім саміце Усходняга партнёрства ў Вільні кіраўнік МЗС Уладзімір Макей.