Берасцеец з’ездзіў ва Украіну, каб пакласці грошы «Нябеснай сотні»
Ва ўкраінскіх банках адкрыты рахунак на карысць сем’яў людзей, загінулых на Майдане.
Пра сваю паездку ва Украіну Еўрарадыё расказаў сам Уладзімір Андрашчук. Ён рабочы аднаго з брэсцкіх прадпрыемстваў і старшыня гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Андрашчук сеў на дызель і даехаў да найбліжэйшай украінскай станцыі. Каштавала гэта ўсяго 10 тысяч рублёў — каля 1 даляра.
Андрашчук: «Гэта мая асабістая, унутраная патрэба. Я ездзіў для сябе. У Забалацце. Там зайшоў у банк, мне сказалі, што ёсць такі рахунак, і я паклаў грошы «Нябеснай сотні». Падтрымаць сваякоў загінулых. Гэта, па-мойму, абавязак любога чалавека, для якога важныя інтарэсы сваёй сям’і, дзяцей. Гэта ўсё для будучыні».
Нагадаем, што «Нябеснай сотняй» ва Украіне называюць людзей, якія загінулі пры абароне Майдана.