Амерыканская разведка: Боінг збілі баевікі, але не наўмысна
Высокапастаўленыя чыноўнікі амерыканскай выведкі заявілі, што Расея нясе адказнасць за «стварэнне ўмоваў», якія прывялі да збівання «Боінга-777» малайзійскіх авіяліній, аднак не прывялі ніякіх доказаў прамога ўдзелу Расеі ў гэтым.
Як паведамляе агенцтва AP, прадстаўнікі амерыканскай выведкі былі асцярожныя ў сваіх ацэнках. Яны адзначылі, што, нягледзячы на тое, што Расія ўзбройвае сепаратыстаў на ўсходзе Украіны, ЗША не маюць прамых доказаў таго, што ракета, якой збілі пасажырскі самалёт, прыбыла з Расіі.
Самалёт быў, імаверна, збіты ракетай зямля-паветра з комплексу «Бук», выпушчанай сепаратыстамі, якіх падтрымлівае Расія. Выведка спасылаецца на перахопы перамоваў, спадарожнікавыя фатаграфіі і паведамленні ў сацсетках баевікоў, сапраўднасць якіх правяралі амерыканскія спецыялісты.
Па словах чыноўнікаў, найбольш верагоднае тлумачэнне таго, чаму самалёт быў збіты — памылка баевікоў, якія прынялі грамадзянскі самалёт за вайсковы. Амерыканская разведка адзначае, што перад тым сепаратысты збілі 12 украінскіх лятальных апаратаў.