У Японіі моцныя снегапады: шасцёра загінулых, 1200 чалавек аказаліся адрэзанымі стыхіяй
Шасцярых чалавек прызналі загінулымі пасля снежнай буры, якая ахапіла многія раёны Японіі ў мінулыя выходныя, паведамляе Japan Times.
Вышыня снежнага покрыва ў некаторых прэфектурах перавышае адзін метр. Снегапады чакаюцца і ў панядзелак. Адмененыя авіярэйсы.
У горных раёнах прэфектуры Такусіма на востраве Сікоку каля 1200 чалавек засталіся адрэзанымі, бо з-за моцнага снегападу дарогі заблакаваныя паваленымі дрэвамі і апоўзнямі.
Каля 1,4 тыс. дамоў засталіся без электрычнасці. Аднаўленне энергазабеспячэння ўскладняецца ўмовамі гарыстай мясцовасці.
У ліку загінулых — людзі, якіх разгул стыхіі засьпеў у дарозе або па-за домам.
У прэфектуры Таяма лёгкі грузавік з'ехаў у раку. У ім знаходзіліся мужчына і жанчына, абодва былі ва ўзросце 78 гадоў. Яны змаглі выбрацца на бераг, але загінулі пад глыбокім снегам. Іх цела знайшла паліцыя непадалёк ад аўтамабіля.
У суботу двое мужчын былі прызнаныя загінулымі пасля таго як іх целы былі знойдзеныя паблізу вяршыні 1133-метровай гары Kotsu ў прэфектуры Такусіма на востраве Сікоку. Іх цела заўважылі з верталёта ратавальнікі. Загінулых апазналі. Гэта 43-гадовы галоўны святар і 83-гадовы служачы храма. Раніцай у пятніцу абодва яны выехалі з дому ля падножжа гары, каб дабрацца да храма, размешчанага на вяршыні. Потым пайшлі пешшу і загінулі.
Яшчэ двое мужчын, 62-х і 80-ці гадоў, былі знойдзеныя, пахаванымі пад снежнымі гурбамі.