У Мінску на аўкцыёне прадалі цеплаход за 160 млн
Стартавая цана цеплахода «Святая Надзея» складала 16 403 768 рублёў.
minsknews.by
Мінскі гарадскі цэнтр нерухомасці выставіў на аўкцыён цеплаход 1953 года выпуску, паведамляе «Мінск-Навіны». «Святая Надзея» мае ўдоўжкі 20 метраў і ўшыркі 4 метры.
Цеплаход «Святая Надзея» сышоў да неназванага пакупніка па цане, вышэйшай за стартавую ў 10 раз. Новы ўладальнік збіраецца адрамантаваць карабель і зрабіць яго прагулачным.
«Святая Надзея» патрабуе сур’ёзнага рамонту, у тым ліку замены рухавіка і вінта. Толькі на гэта новаму ўладальніку прыйдзецца патраціць каля 200 млн.
Па рамонце, які можа завершыцца ўжо да 3 ліпеня, «Святая Надзея» будзе выкарыстоўвацца для водных прагулак і карпаратываў. На ім усталююць столікі ды абсталяванне для пачастунку кавай і гарбатай. Прагулкі будуць стартаваць з прычалу каля аквапарку «Лябяжы».