Мінпадаткаў прапанавала даць права сваякам гульняманаў забараняць ім уваход у казіно
Калі чалавек не хоча «забаніць» сябе сам, гэта прапануецца зрабіць яго сваякам праз суд.
Фота з сайта reddit.com
Міністэрства па падатках і зборах распрацавала законапраект, што даць магчымасць родзічам залежных ад гульняў у казіно забараняць апошнім доступ у казіно, распавёў СБ начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю падакцызных тавараў, ігральнага бізнесу і электронных сістэм кантролю рэалізацыі тавараў міністэрства Уладзімір Муквіч.
Сёння чалавек, які адчуў залежнасць ад казіно, букмейкерскіх кантор ці гульнявых аўтаматаў, можа сам сабе забараніць доступ у казіно: напісаць заяву да адміністрацыі, каб яго не пускалі. Але ахвяра азарту не заўсёды прызнае сябе такой, а родзічы хвалююцца.
Родзічам хочуць даць магчымасць забараняць залежным ад гульняў доступ у казіно ў судовым парадку.
Магчымасцю «забаніць» сябе ў казіно ў Беларусі на сёння скарысталіся каля 28 тысяч чалавек. Заяву можна напісаць на тэрмін ад паўгода да трох год — тэрмін некаторых заяў ужо выцек. Актыўных «банаў» засталося каля 19,2 тысяч.
Аналагічная практыка ёсць і ў іншых еўрапейскіх краінах. Чалавека, які сам сабе забараніў доступ у казіно, туды не пусцяць, нават калі будзе вельмі прасіць.
У Беларусі бывалі выпадкі, калі гульцы нават спрабавалі прадставіць чужыя дакументы. Ды казіно пільна сочаць за выкананнем «банаў», бо за іх парушэнне арганізатару гульні пагражае адміністрацыйная адказнасць.