Тэлевядоўца Дзяніс Кур'ян адкрыў у Мінску ўласную блінную «Мама дома» ФОТЫ І ЦЭНЫ
У новым гандлёвым цэнтры МОМО, што адчыніўся нядаўна на выхадзе са станцыі метро Магілёўская, адкрылася блінная знакамітага беларускага вядучага Дзяніса Кур'яна. Яна называецца «Мама дома». Гэта першая блінная вядучага ў Мінску, раней бліны «Мама дома» можна было паесці толькі ў Віцебску.
Блінная абяцае спалучэнне фастфуду і хатніх страваў. «Наша Ніва» праверыла смак бліноў аднаго з самых знакамітых вядучых у Беларусі.
Падчас наведвання бліннай там стаяла чарга з сямі чалавек.
Дзяніс Кур'ян таксама удзельнічаў у працэсе, час ад часу дапамагаючы сваім супрацоўнікам. «Я тут асабліва не працую, проста вырашыў дапамагчы». Дзяніс папрасіў не фатаграфаваць яго, а ўзамен пачаставаў кавай, якую сам прыгатаваў у кава-машыне.
Меню расійскамоўнае:
Замову прыйшлося чакаць не доўга — каля 4—5 хвілін. Падкупляе тое, што ты сам можаш назіраць працэс гатавання.
Наша замова складалася з бліноў з грыбамі ў вяршках і курыцай, бліноў са згушчоным малаком і кавы амерыкана ад Дзяніса Кур'яна. Усё гэта абышлося нам у 75 000 без уліку кавы.
Блін з курыцай і грыбамі быў даволі смачным, хоць начынкі было не так ужо і шмат. З іншага боку, мяса больш адчувалася, чым грыбы, што нязвыкла для нашых беларускіх блінных.
Напэўна, усё ў дзяцінстве елі бліны са згушчокай у бабулі ці дома, таму блін са згушчаным малаком быў напоўнены смакам дзяцінства.
Пакуль што блінная працуе ў тэставым рэжыме. Магчыма, быў няўдалым наш выбар, бо, напрыклад, людзі, якія замаўлялі бліны з бананам, атрымоўвалі цэлы банан у бліне, што вельмі здзіўляла.
Кава ад Дзяніса аказалася звычайнай амерыкана Lavazza. Але прыгатавана з душою і падвойным цукрам.
Талеркі папяровыя.
Такім чынам, калі вы жывяце на метро «Магілёўскай», вы можаце зайсці ў «Мома» і перакусіць блінам.