Крыніца ў спецслужбах Расіі: Тэракты ў Бельгіі рыхтавалі браты з Беларусі
Прадстаўнікі спецслужбаў Расіі перадавалі ўладам Бельгіі інфармацыю аб падрыхтоўцы атакі трыма баевікамі ІД, сярод якіх двое братоў з Беларусі. Па дадзеных крыніцы, Іван і Аляксей Доўбашы ў суправаджэнні суайчынніка Марата Юнусава пры канцы лютага выехалі ў Бельгію, піша блізкі да расійскіх спецслужбаў сайт Лайфньюс.
— Вядома, што 27-гадовы Аляксей Доўбаш першы прыняў іслам і пачаў камунікаваць з радыкаламі. Пад уплывам старэйшага брата радыкальнымі плынямі пачаў цікавіцца і яго малодшы брат — 23-гадовы Іван, — адзначае крыніца LifeNews.
Па дадзеных сілавікоў, браты далучыліся да атрада тэрарыстаў у Сірыі і пасля праходжання баявой падрыхтоўкі вылецелі ў ЕС.
Серыя тэрактаў адбылася ў бельгійскай сталіцы сёння раніцай. Аб выбухах у міжнародным аэрапорце Брусэля відавочцы паведамілі каля 10:20. Першы з іх прагрымеў у будынку паветранай гавані, а другі адбыўся на ўзлётнай паласе. Колькасць пацярпелых ідзе на дзясяткі.
Таксама адбыўся выбух у метро Брусэля.
Прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын пацвердзіў, што браты Аляксей і Іван Доўбашы, якіх падазраюць у арганізацыі тэрактаў у Брусэлі, сапраўды паходзяць з Беларусі.
«Так, яны ўраджэнцы Беларусі. КДБ вядома пра іх існаванне, у дачыненні гэтых асоб вядзецца праверка», — сказаў сп.Пабяржын.
Адносна іх датычнасці да тэрактаў КДБ інфармацыі не каментуе.