Адзін з заснавальнікаў «Зубра» Яўген Афнагель вярнуўся ў Беларусь пасля пяці гадоў эміграцыі
Падчас акцыі нацыянальнага сцяга на плошчы Незалежнасці 27 ліпеня сярод удзельнікаў быў заўважаны грамадскі актывіст, колішні заснавальнік «Зубра», адзін з каардынатараў «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель. Гэты факт звяртае на сябе ўвагу, бо апошнія 5 гадоў Афнагель правёў у эміграцыі.
Падчас выбараў 2010 года Яўген Афнагель актыўна падтрымаў кампанію Андрэя Саннікава. У лютым 2011, пазбягаючы арышту, актывіст выехаў за межы Беларусі. Ён жыў гэты час у Польшчы і Літве.
«Я вярнуўся ў Беларусь не ўчора і не заўчора, вярнуўся яшчэ ў сакавіку. Вярнуўся, бо была настальгія па Радзіме. Тут мае родныя, сябры. Я палічыў, што ёсць магчымасць вярнуцца, пратэставаць стаўленне ўладаў да сябе. Пасля падзеяў 2010 года ў мяне былі вобшукі, крымінальная справа. Я вярнуўся, ніхто мяне не чапае, усё нармальна. Ужо ўдзельнічаў у некалькіх акцыях, у тым ліку на Дзень Волі. Ніякіх праблем няма», — кажа Яўген Афнагель.
Яўген Афнагель нарадзіўся ў 1979 у Мінску. Скончыў гістфак педагагічнага ўніверсітэта імя Танка (2001). У нацыянальным руху з 1996. Быў сябрам «Маладога фронту» (1996—2001). У 2001 быў заснавальнікам «Зубра».