Студэнту з Украіны, які схлусіў у ЗША наконт свайго ўзросту, пагражае 40 гадоў турмы
23-гадовы грамадзянін Украіны Артур Самарын, які вучыўся ў старэйшых клясах амэрыканскай школы, прызнаў сябе вінаватым па абвінавачаньнях у махлярстве і сэксе зь непаўнагадовай.
Артур Самарын (фота з сацыяльных сетак).
Самарын паступіў у старэйшыя клясы школы ў амэрыканскім штаце Пэнсыльванія пад імем Эшэр Потс, падаўшы заніжаны ўзрост. Пасьля школы яго прынялі ў каледж у штаце Флорыда, але тут улады даведаліся яго сапраўднае імя і ўзрост, а таксама тое, што ён пратэрмінаваў студэнцкую візу.
Паводле судовых дакумэнтаў, Самарын прызнаўся сьледчым, што ўвосень 2014 году, калі яму было 22 гады, ён меў сэкс зь 15-гадовай дзяўчынай. Цяпер яму пагражае да 40 гадоў зьняволеньня.