БЕЛ Ł РУС

Канада выбачылася перад індзейцамі

12.06.2008 / 10:57

Nashaniva.com

За тое, што прымушалі 150 тыс. дзяцей мясцовых індзейцаў вучыцца ў дзяржаўных хрысьціянскіх школах. Вядома мноства фактаў фізычнага і сэксуальнага гвалту, які цярпелі вучні. Многія зь іх згадваюць, як іх лупцавалі, калі яны размаўлялі на сваёй мове.

Канадзкія ўлады выбачыліся за тое, што прымушалі 150 тыс. дзяцей мясцовых індзейцаў вучыцца ў дзяржаўных хрысьціянскіх школах. Прэм’ер Стэфан Харпэр выбачыўся на паседжаньні парлямэнту ў Атаве ў прысутнасьці сотняў былых школьнікаў.

Школы, якія спансаваліся дзяржавай і кантраляваліся царквой, існавалі з канца ХІХ ст. і да 1990‑х гадоў. Іх таксама называлі «індзейскімі школамі». Праўда, некаторыя зь іх былі зачыненыя ў 1970‑х.


Карціна «Карцье і абарыгены»
Вядома мноства фактаў фізычнага і сэксуальнага гвалту, які цярпелі вучні. Многія зь іх згадваюць, як іх лупцавалі, калі яны размаўлялі на сваёй мове. Некаторыя надоўга гублялі сувязь са сваімі бацькамі.

Хрысьціянскія цэрквы Канады выбачыліся яшчэ ў 1980‑ыя гады.

Аўстралія, дзе ў дачыненьні да абарыгенаў праводзілася падобная палітыка, таксама прынесла прабачэньні ў пачатку гэтага году.

Паводле канадзкага прэм’ера, выбачыцца варта было даўно.

«Я стаю зараз перад вамі і прашу прабачэньня ў былых вучняў індзейскіх школ. Стаўленьне да дзяцей у гэтых школах — гэта прыкрая старонка ў нашай гісторыі».

Стэфан Харпэр сказаў, што папярэдняя сыстэма засноўвалася на ўпэўненасьці, што культура і язычніцкія рытуалы былі чымсьці ніжэйшым у дачыненьні да белай большасьці.

Да таго ж індзейцы лічыліся асноўнымі віноўнікамі распаўсюду эпідэмій, схільнасьці да алкаголю і наркотыкаў.

«Урад Канады шчыра перапрашае вас за зьневажальнае стаўленьне і за тое, што ўлады ня здолелі вас абараніць», ‑‑ дадаў Харпэр.

Асамблея першых нацый, якую прадстаўлялі старэйшыны індзейскіх плямёнаў, жыва адгукнулася і вітала такі крок з боку ўраду.

«Нарэшце мы пачулі, як Канада выбачылася», ‑‑ сказаў кіраўнік Асамблеі Філ Фантэйн.

Сам ён калісьці быў гвалтоўна апраўлены на вучобу ў індзейскую школe і адным зь першых публічна распавёў пра тое, што зь ім адбывалася падчас навучаньня.

Апроч выбачэньняў сем’і былых вучняў атрымаюць у якасьці кампэнсацыі за пакуты два мільярды канадзкіх даляраў, выплату якіх узялі на сябе ўрад і кіраўніцтва хрысьціянскай царквы.

Паводле Бі-Бі-Сі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула