БЕЛ Ł РУС

У NASA распавялі пра апошнія хвіліны жыцця касмічнай станцыі «Касіні»

13.10.2017 / 14:33

Ілья Параскевіч паводле NASA

15 верасня завяршылася місія касмічнага апарата «Касіні», які апошнія 13 гадоў вывучаў Сатурн і яго спадарожнікі. Аэракасмічнае агенцтва NASA паказала першыя вынікі аналізу дадзеных, якія зонд «Касіні» перадаў непасрэдна перад падзеннем на Сатурн. У прыватнасці, даследчыкі раскрылі падрабязнасці ўваходжання зонда ў шчыльныя пласты атмасферы планеты.

NASA

Да пачатку 2017 года «Касіні» выкарыстаў большую частку паліва, таму навукоўцы прынялі рашэнне аб заканчэнні місіі. Яе фінальны этап, які атрымаў назву Grand Finale, стартаваў 22 красавіка, калі «Касіні» змяніў траекторыю палёту за кошт гравітацыйнага манеўру ля Тытана.

Перад пачаткам фінальнага падзення на Сатурн «Касіні» знаходзіўся ў разрэджаных пластах атмасферы планеты. Яе шчыльнасць была прыкладна такой жа, што і шчыльнасць атмасферы Зямлі на вышыні арбіты Міжнароднай касмічнай станцыі (408 кіламетраў). Аднак рухаўся «Касіні» з хуткасцю ў 4,5 разы большай за МКС. Пры гэтым палёт станцыі быў спакойным. Яна толькі злёгку пагойдвалася наперад і назад і стабілізавала сваё становішча, уключаючы рухавікі малой цягі раз на некалькі хвілін.

Калі «Касіні» апынуўся на вышыні 1900 кіламетраў над верхнім пластом аблокаў Сатурна, ён пачаў уваходзіць у больш шчыльную частку атмасферы. Магнітометр апарата даўжынёй 11 метраў у гэты час быў накіраваны ў бок, таму сустрэчны паток газу пачаў павольна круціць зонд. Каб «Касіні» па-ранейшаму арыентаваўся на Зямлю, рухавікі сталі ўключацца часцей.

Апошнюю 91 секунду рухавікі зонда працавалі амаль бесперапынна: яны дасягнулі стоадсоткавай магутнасці за 20 секунд да страты сігналу. Падчас фінальных 8 секунд «Касіні» пачаў перакульвацца назад. Антэна змяніла сваю арыентацыю, таму радыёсігнал перастаў даходзіць да Зямлі. У 14:55 па мінскім часе NASA атрымала ад зонда апошняе паведамленне.

Раней мы рабілі падборку самых прыхожых фотаздымкаў, якія апарат «Касіні» даслаў на Зямлю за ўвесь час свае працы.

Чытайце: Топ-10 найлепшых ФОТА Сатурна і яго спадарожнікаў, якія зрабіў касмічны апарат Cassini

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула