Надрапаў нават нецэнзурнае слова: у Гродне маленькі хлопчык пашкодзіў сем прыпаркаваных аўтамабіляў
Здарэнне адбылося ў мікрараёне Дзевятоўка 24 лютага, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Мясцовы жыхар пабачыў, што нехта падрапаў яго машыну. Міліцыя, што прыбыла на месца здарэння, выявіла яшчэ шэсць транспартных сродкаў з ідэнтычнымі пашкоджаннямі — усяго сем машын. На шасці з іх былі намаляваныя лічбы два і дзесяць, а на адным аўтамабілі было напісана нецэнзурнае слова.
Супрацоўнікі міліцыі сталі апытваць жыхароў бліжэйшых дамоў. Некаторыя распавялі, што бачылі двух непаўналетніх дзяцей.
Аднаго з непаўналетніх выклікалі на размову разам з мамай. Жанчына сама распытала сына, пасля чаго ён прызнаўся ў зробленым. Хлопчык растлумачыў, што яму было сумна, ён знайшоў крэйды і вырашыў не маляваць на асфальце, як рабіла яго старэйшая сястра, а памаляваць на машыне.