БЕЛ Ł РУС

У Грэнландыі выявілі мозг жывёлы, якая жыла 500 мільёнаў год таму

14.03.2018 / 21:7

nn.by

Група навукоўцаў з Вялікабрытаніі, Даніі і Паўднёвай Карэі выявіла на поўначы Грэнландыі скамянелыя рэшткі Kerygmachela kierkegaardi, старажытнага марскога членістаногага. На камянях захаваліся адбіткі структуры мозгу жывёлы, якая жыла на Зямлі з паўмільярда гадоў таму, што дазволіла даследчыкам вылучыць новую гіпотэзу аб эвалюцыі нервовай сістэмы бесхрыбтовых. Даследаванне апублікавана ў часопісе Nature Communications.

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што ў агульнага продка хрыбтовых і бесхрыбтовых жывёл мозг яшчэ не меў трохчастковай структуры. Мозг Kerygmachela kierkegaardi складаецца з аднаго аддзела. 

«Kerygmachela з'яўляецца важным звяном паміж членістаногімі і іх бліжэйшымі сваякамі — ціхаходкамі і аніхафорамі (мозг якіх таксама не падзелены на тры часткі)», — заявіў Якабс Вінтэр з Універсітэта Брысталя дацкаму парталу videnskab.dk.

Вывучаны ўзор жывёлы змог многае распавесці навукоўцам таксама пра будову вачэй, якія мелі ўжо досыць складаную структуру. Раней лічылася, што ў працэсе эвалюцыі такія вочы у членістаногіх з'явіліся ў больш позні час.

Прадстаўнікі віду Kerygmachela kierkegaardi жылі падчас Кембрыйскага перыяду і былі марскімі драпежнікамі, дасягаючы 20 см у даўжыню. Вонкава яны нагадвалі макрыц, якія перамяшчаліся пад вадой дзякуючы 22 «плаўнікам», размешчаным па баках даўгаватага цела, якое на адным канцы сканчалася доўгім хваставым шыпом, а на іншым — парай шыпоў-канечнасцяў, якія выкарыстоўваліся для таго, каб хапаць і адпраўляць у пашчу ахвяру.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула