«Мілавіца»: маскі, падобныя на чашачкі бюстгальтараў, — самыя бяспечныя
Ахоўныя маскі для твару ад «Мілавіцы», якія раптам з'явіліся ў продажы ў пачатку тыдня, нарабілі шуму ў інтэрнэце. Яшчэ б: па форме яны падобныя на чашачку бюстгальтара, а мяккія, пастэльныя тоны, выбраныя для масак, толькі дадаюць падабенства! У сацсетках жартуюць: «Можна купіць дзве і пасля эпідэміі мадыфікаваць», зазначае Еўрарадыё.
У прэс-службе «Мілавіцы» расказалі Еўрарадыё, што было распрацавана 9 мадэляў масак. Тыя, што падобны на чашачкі бюстгальтараў, на прадпрыемстве лічаць самымі бяспечнымі. Але іх форма ніяк не звязана з вырабам сподняй бялізны:
«Спецыфічная форма, якую вы згадваеце, толькі ў адной маскі, але яна ніяк не звязана з бюстгальтарам. Такія формы папраўдзе цяпер шыюць вельмі многія прадпрыемствы. Форма звязана выключна з формай твару. Маска павінна шчыльна прылягаць да твару і пры гэтым не ціснуць на нос і не перашкаджаць дыханню. Таму самыя добрыя маскі — гэты якраз тыя, якія падобны на чашачкі бюстгальтараў».
Што да дзёрзкіх асацыяцый, то на прадпрыемстве ўпэўненыя: калі б яны выраблялі іншыя аксесуары або адзенне — людзі мелі б іншыя асацыяцыі з іх маскамі. «Калі б мы шылі, напрыклад, чэпчыкі для нованароджаных, узнікла б асацыяцыя з імі», — кажуць на «Мілавіцы».
Дызайн распрацоўвалі супрацоўнікі прадпрыемства, зыходзячы з таго, якія матэрыялы ёсць на складзе і якую функцыянальнасць яны маюць: «Маска павінна ахоўваць, яна павінна доўга насіцца, мыцца, дэзынфікавацца, каб у ёй лёгка было дыхаць. Матэрыял масак — поліамід, спэйсер і бавоўна».
Віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка 5 красавіка заявіў, што аб'ёмы вытворчасці ахоўных масак у Беларусі павінны дасягнуць двух мільёнаў на суткі. Беларускія швейныя прадпрыемствы часткова перапрафіляваліся — і пачалі шыць маскі. Адзіных патрабаванняў да іх няма, таму ўсе шыюць іх на свой лад — «са сваім акцэнтам».
Сваімі баваўнянымі маскамі здзівіла беларусаў яшчэ адна фабрыка — «Світанак». Гэтыя вырабы з выгляду нагадваюць элемент мужчынскай сподняй бялізны, гэтакі гульфік для твару.