БЕЛ Ł РУС

У В'етнаме за 20 дзён не выяўлена новых выпадкаў заражэння каранавірусам унутры краіны. Там дзейнічаў супержорсткі каранцін

6.05.2020 / 11:11

Nashaniva.com

hanoitimes.vn

Ніводнага новага выпадку заражэння каранавірусам не выяўлена за апошнія 20 дзён у В'етнаме ўнутры краіны. Пра гэта паведаміла міністэрства аховы здароўя рэспублікі, піша ТАСС.

Прычым колькасць выпадкаў заражэння каранавіруснай інфекцыяй ў В'етнаме за ўвесь час захавалася на ранейшым узроўні — 271.

З іх 232 пацыенты паправіліся і былі выпісаныя, яшчэ 39 інфіцыраваных знаходзяцца на лячэнні ў медустановах цэнтральнага і правінцыйнага узроўняў. За ўвесь час ніхто не памёр.

За мінулыя два тыдні ў краіне былі зафіксаваныя тры завозныя выпадкі заражэння. У двух мясцовых школьнікаў, якія вярнуліся з Японіі, і ў брытанскага эксперта ў нафтагазавай галіне, які прыбыў сюды ў камандзіроўку, тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік. Інфіцыраваныя былі змешчаныя на лячэнне, стан усіх траіх ацэньваецца як стабільны.

В'етнам вельмі строга паставіўся да праблемы каранавіруса.

Першы выпадак захворвання на COVID-19 быў зафіксаваны 23 студзеня. І ўжо на наступны дзень у стан павышанай гатоўнасці быў пераведзены нацыянальны супрацьэпідэмічны цэнтр. 29 студзеня былі сфарміраваны 40 спецыяльных мабільных брыгад для дапамогі мясцовым уладам і бальніцам. Яны займаліся перавозкай хворых, арганізацыяй каранціну, дэзынфекцыі памяшканняў і г. д.

У лютым былі спынены заняткі ва ўсіх навучальных установах краіны. Каранцін дзейнічаў да 27 красавіка.

У В'етнаме адсочванне кантактаў хворых вялося да чацвёртага ўзроўню.

Кожны, хто прыязджаў у краіну, праходзіў медыцынскі кантроль і запаўняў дэкларацыю здароўя. Пазней падобныя працэдуры былі зробленыя пры ўездзе ў вялікія гарады, асобныя правінцыі, а таксама пры ўваходзе ва ўрадавыя будынкі, банкі, шпіталі, буйныя жыллёвыя комплексы.

Пры з’яўленні носьбітаў інфекцыі адбывалася лакальная ізаляцыя кварталаў, вёсак, невялікіх гарадоў.

З 1 красавіка ў краіне быў уведзены агульнанацыянальны двухтыднёвы лакдаўн. У вялікіх гарадах яго працягнулі да 22 красавіка.

Аднак і пасля заканчэння лакдаўна забароненыя рэлігійныя сходы, спартовыя спаборніцтвы, фестывалі, застаюцца зачыненымі бары, салоны прыгажосці і г. д. Абавязковым з’яўляецца нашэнне масак.

Урад выдаткаваў 2,7 млрд даляраў на ліквідацыю эканамічных наступстваў эпідэміі, а сама краіна вельмі хутка наладзіла вытворчасць тэстаў, сродкаў аховы. В’етнам нават выслаў гуманітарную дапамогу маскамі і камбінезонамі Японіі, ЗША, краінам Заходняй Еўропы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула