Лукашэнка пра новы Адміністрацыйны кодэкс: Не трэба чапляцца да людзей па дробязі
Прававыя нормы, якія будуць прыняты ў выніку змены адміністрацыйнага заканадаўства, павінны дапамагаць, а не перашкаджаць людзям жыць, заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па праектах кодэксаў аб адміністрацыйнай адказнасці, піша БелТА.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на працягу паўгода над праектамі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях працавала міжведамасная экспертная камісія пад кіраўніцтвам намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольгі Чупрыс.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што следам за кодэксамі неабходна перагледзець ведамасныя інструкцыі і іншыя акты падзаконнага ўзроўню, прыбраўшы з іх лішнія бюракратычныя патрабаванні. «Забароны і абмежаванні павінны застацца толькі там, дзе яны аб'ектыўна неабходныя: калі ёсць рызыка прычынення шкоды жыццю і здароўю грамадзян, узнікнення надзвычайных сітуацый. Не трэба чапляцца да людзей па дробязі», — запатрабаваў ён.