БЕЛ Ł РУС

«Ён чуў падтрымку людзей». Адвакаты наведалі Віктара Бабарыку ў СІЗА КДБ. Ён мае статус падазраванага

19.06.2020 / 17:01

Фота Надзеі Бужан.

Паводле адваката Дзьмітрыя Лаеўскага, абвінавачаньні Бабарыку не прад’яўленыя, ён мае статус падазраванага. Артыкулы, на якіх грунтуюцца падазрэньні, адвакатам агалошваць забаранілі, паведамляе Свабода.

Адвакаты Аляксандар Пыльчанка і Дзьмітры Лаеўскі наведалі Віктара Бабарыку ў СІЗА КДБ.

«Ён бадзёры, чуў падтрымку людзей. Ён абураны незаконнасьцю свайго затрыманьня і адсутнасьцю якіх-небудзь падстаў для гэтага. Таксама ён абураны адсутнасьцю права на юрыдычную дапамогу, таму што ад моманту затрыманьня ён увесь час патрабаваў адваката», — сказаў Дзьмітры Лаеўскі Свабодзе.

Ён зьвярнуў увагу на тое, што ніякіх сьледчых дзеяньняў да зьяўленьня адвакатаў у Камітэце дзяржбясьпекі зь Віктарам Бабарыкам не праводзілася.

«Таму ўчорашнія камэнтары наконт магчымых сьледчых дзеяньняў беспадстаўныя. Віктар Дзьмітрыевіч прынцыпова мае намер адстойваць сваю правату».

Паводле Дзьмітрыя Лаеўскага, Эдуард Бабарыка таксама знаходзіцца ў Сьледчым ізалятары КДБ:

«У яго ёсьць адвакаты. Наколькі я разумею, заўтра павінны адбыцца працэсуальныя дзеяньні з удзелам абаронцаў Эдуарда».

18 чэрвеня затрымалі прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда Бабарыку. Увечары дзяржаўныя каналы паказалі нібыта доказы ягонай датычнасьці да вываду грошай за мяжу ў «справе «Белгазпрамбанку»». Афіцыйна камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) затрымаў Віктара Бабарыку як «арганізатара супрацьпраўнай дзейнасьці», за «спробу ўплыву на сьведак і хаваньне доказаў злачынства».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула