БЕЛ Ł РУС

Памерла настаўніца, якая адседзела за згвалтаванне вучня, а потым выйшла за яго замуж

9.07.2020 / 9:27

Nashaniva.com

Былая настаўніца з Сіэтла, якая адседзела ў турме за сэксуальную сувязь са школьнікам, памерла ад раку ва ўзросце 58 гадоў, піша bbc.com.

Гісторыя Мэры Кей Летурно шакавала ўвесь свет.

34-гадовая школьная настаўніца мела сэксуальную сувязь са сваім вучнем, якому тады было 12—13 гадоў.

Мэры Кей была замужам, мела чацвярых дзяцей, а Вілі Фуалаау вучыўся ў шостым класе. Аднак гэта не перашкодзіла — жанчына зацяжарала ад яго і нарадзіла дзіця.

У 1997 годзе яе прысудзілі да зняволення за згвалтаванне непаўналетняга.

Праз шэсць месяцаў Мэры Кэй датэрмінова вызвалілі, але яна працягвала сустракацца са сваім палюбоўнікам-падлеткам. За гэта яе зноў пасадзілі ў турму, на гэты раз на сем гадоў.

У зняволенні былая настаўніца нарадзіла другога дзіця ад свайго вучня.

Абедзве іх дачкі спачатку выхоўвала сям'я бацькі — Вілі Фуалаау.

У 2005 годзе Мэры Кей Летурно выйшла з турмы, і закаханыя пажаніліся. Але пасля 12 гадоў шлюбу разышліся.

Адвакат спадарыні Летурно паведаміў амерыканскім СМІ, што яна памерла дома. Побач былі яе дзеці, а таксама былы вучань і муж Вілі Фуалаау. Апошнія шэсць месяцаў жанчына хварэла.

Мэры Кей Летурно нарадзілася ў сям'і кансерватыўнага кангрэсмена-рэспубліканца Джона Г. Шмітца. Яе выхоўвалі ў каталіцкіх традыцыях. Аднак палітычная кар'ера яе бацькі скончылася скандалам, калі высветлілася, што ён меў двух дзяцей па-за шлюбам.

Фота на галоўнай старонцы: Shutterstock.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула