Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь
Фота Аляксандры Шчыглінскай, catholic.by
Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь. Пра гэта «Інтэрфаксу-Захад» пацвердзілі ў прэс-службе Каталіцкага касцёла ў нашай краіне.
Тадэвуша Кандрусевіча не пусцілі ў Беларусь 31 жніўня, калі ён вяртаўся з Польшчы. Лукашэнка, каментуючы гэтую сітуацыю, заявіў, што мітрапаліт «ездзіў у Польшчу і атрымліваў кансультацыі, як разбураць краіну».
22 снежня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што Лукашэнка даручыў знайсці вырашэнне сітуацыі. У той жа дзень пасольства Ватыкана атрымала інфармацыю аб адсутнасці перашкод для вяртання ў Беларусь.
Мяркуецца, што сёння на Каляды Тадэвуш Кандрусевіч адправіць дзве імшы ў Катэдральным касцёле на плошчы Свабоды: а 19:00 (па польскай) і а 21:00 (на беларускай). У імшы-пастэрцы а 21:00 таксама возьме ўдзел апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.
Заўтра, 25 снежня, Тадэвуш Кандрусевіч адслужыць дзве імшы ў Чырвоным касцёле (11:00 і 13:00).