БЕЛ Ł РУС

У Мінску прадаецца кватэра за 10 000$ за «квадрат». Як яна выглядае?

3.11.2022 / 10:25

Nashaniva.com

Тэлеграм-канал «Будні рыелтара» звярнуў увагу на аб’яву аб продажы кватэры ў Ракаўскім прадмесці ў Мінску. Цана — 1,18 мільёны рублёў або 478 тысяч даляраў за плошчу 47,8 квадратных метраў. То-бок адзін «квадрат» каштуе 10 тысяч даляраў. Што там за кватэра?

Аб’ява аб продажы апартаментаў размешчана на сайце realt.by. Гэта двухпакаёўка ў крокавым доступе да метро Няміга і Купалаўская — знаходзіцца на вул. Вызвалення.

Двухпавярховы цагляны дом пабудаваны ў 1917 годзе. Кватэра на продаж знаходзіцца на другім паверсе, балкона ў ёй няма.

Рамонт — звычайны, на падлозе ламінат, санвузел раздзельны. Кватэра прадаецца з мэбляй і тэхнікай, гатовая для пражывання.

Вось як апісвае апартаменты прадавец:

«Кватэра з’яўляецца эксклюзіўнай у сваім родзе, у ёй адсутнічаюць прамыя вуглы, а вышыня столяў складае 3 метры. Дом з’яўляецца помнікам гісторыка-культурнай спадчыны (…). У доме знаходзяцца толькі 4 кватэры (усе на другім паверсе), зверху паддахавае памяшканне, знізу аўташкола і стаматалагічны кабінет».

Таксама ў аб’яве пазначана, што, знаходзячыся ў доме ці ў яго двары, у чалавека няма адчування, што ён у сэрцы Мінска: адсутнічае шум праспекта, людзей і машын.

Побач ёсць крамы, банкі, аптэкі, школа, дзіцячы сад, гандлёвыя цэнтры, кафэ, рэстараны, тэатры, паркі і набярэжная ракі Свіслач.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула