Улады Польшчы прыгразілі «ідэнтычнай рэакцыяй» у адказ на ўведзеныя Беларуссю абмежаванні для перавозчыкаў
У адказ на уведзенае Беларуссю ўвечары 17 лютага абмежаванне ўезду для польскіх перавозчыкаў у Польшчы паабяцалі прыняць аналагічныя меры.
Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.
«Калі ўлады Беларусі прыменяць у дачыненні да польскіх перавозчыкаў абвешчаныя абмежаванні, рэакцыя Польшчы ў дачыненні да беларускіх перавозчыкаў будзе ідэнтычнай», — напісаў Каміньскі ў твітары ўвечары ў пятніцу.
Раней стала вядома, што зарэгістраваныя ў Польшчы грузавыя аўтамабілі і цягачы цяпер змогуць уязджаць на тэрыторыю Беларусі (для перагрузкі або перачэпкі на бліжэйшых пляцоўках, далей ім ехаць усё роўна нельга) толькі праз польска-беларускі ўчастак мяжы — уязджаць з Літвы ці Латвіі ім будзе забаронена. Такім чынам, калі аналагічныя абмежаванні ўвядзе Польшча, то беларускія грузавікі таксама не змогуць уязджаць у Польшчу праз Літву ці Латвію.