БЕЛ Ł РУС

Памежны камітэт прызнаў, што ў адным з выпадкаў беларускі памежнік перасек літоўскую мяжу

19.04.2023 / 12:48

Nashaniva.com

Дзяржаўны памежны камітэт пракаментаваў прэтэнзіі літоўскага боку аб парушэнні беларускім памежнікам мяжы. Адзін выпадак ДПК прызнаў, другі — не.

ДПК абвергнуў прэтэнзіі літоўскага боку наконт інцыдэнту, што здарыўся 18 красавіка.

«З улікам апублікаванага літоўскім бокам 18 красавіка відэа з нібыта заходам ваеннаслужачага беларускага памежнага нарада на тэрыторыю Літвы, паведамляем, што на гэтым участку праходжанне дзяржаўнай мяжы мае пэўныя асаблівасці. У сувязі з гэтым выява з камер назірання скажае сапраўднае месцазнаходжанне беларускага вайскоўца», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Таму, на думку Дзяржпагранкамітэта, заявы літоўцаў, што беларускі пагранічнік перасек мяжу і на два метры паглыбіўся на тэрыторыю Літвы, не адпавядаюць рэчаіснасці.

А вось інцыдэнт, што адбыўся 12 красавіка, ДПК прызнаў.

«У ходзе расследавання ўстаноўлена, што 12 красавіка беларускім вайскоўцам быў дапушчаны ненаўмысны заход на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі на глыбіню да 1 метра. Аб выніках гэтага расследавання быў праінфармаваны літоўскі бок, аднак зваротнай сувязі і запытаў аб прадастаўленні дадатковай інфармацыі ад сумежнага боку да цяперашняга часу не атрымана», — заявілі ў ДПК.

Там адзначылі, што ў пачатку красавіка беларускім бокам зафіксаваны заход на тэрыторыю Беларусь лодкі з невядомай асобай з тэрыторыі Літвы. У мэтах высвятлення абставінаў беларускі бок накіраваў адпаведны запыт да Літоўскай Рэспублікі без публічнага абвяшчэння гэтай інфармацыі.

У ДПК лічаць, што заявы літоўскага боку — гэта жаданне стварыць чарговую нагоду ў інфармацыйным полі, дыскрэдытаваць беларускі бок і абвастрыць сітуацыю на мяжы на любой падставе. ДПК, у сваю чаргу, заклікае звярнуць увагу на мігрантаў на мяжы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула