Столтэнберга могуць папрасіць застацца ў НАТА яшчэ на год
Генеральнага сакратара НАТА, нарвежца Енса Столтэнберга, як чакаецца, папросяць застацца на пасадзе генеральнага сакратара НАТА яшчэ на год, паведамляюць агенцтвы Bloomberg і Reuters са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з ходам перамоў.
Фота: Andreea Alexandru / AP Photo
Енс Столтэнберг займае гэту пасаду з 2014 года, і ягоны другі тэрмін на пасадзе павінен быў скончыцца ў верасні 2022-га года, але быў прадоўжаны на год праз вайну Расіі супраць Украіны.
Сам Столтэнберг заяўляў, што не мае намеру вылучаць сваю кандыдатуру на новы тэрмін, але крыніца Reuters адзначае, што Столтэнберг карыстаецца ў НАТА шырокай падтрымкай і застаецца эфектыўным лідарам.
«Адміністрацыя [прэзідэнта ЗША] прыходзіць да думкі аб тым, што Столтэнберг застаецца яшчэ на год, — сказаў агенцтву амерыканскі чыноўнік, які папрасіў аб ананімнасці. — Не падобна да таго, што цяпер у Альянсе ёсць кансэнсус з нагоды яго замены».
Імавернасць таго, што Столтэнберга папросяць застацца на пасадзе, узрастае па меры набліжэння саміту НАТА, які пройдзе ў Вільні 11—12 ліпеня, піша Reuters. Саюзнікі асцерагаюцца разладу ў Альянсе ў пытанні адносна вайны ва Украіне.
Хто б ні заняў пасаду генеральнага сакратара НАТА ў найбліжэйшы час, яму трэба будзе, з аднаго боку, падтрымліваць адзінства краін — чальцоў Альянсу ў падтрымцы Украіны, а з другога — не дапусціць эскалацыі, якая прывяла б да непасрэднага ўступлення НАТА ў вайну з Расіяй.
Чытайце таксама:
Столтэнберг пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі: НАТА бачыць падрыхтоўку