Хто стане на чале Украіны, калі Зяленскі загіне?
Калі Уладзіміра Зяленскага спыталі, ці турбуе спроба Расіі забіць яго, ён адказаў, што не можа сабе гэтага дазволіць.
Уладзімір Зяленскі з вайскоўцамі. Леваруч ад яго генерал Аляксандр Сырскі — камандуючы Усходняй групоўкай войскаў, якая вядзе баі на самых гарачых участках фронту. Фота: Metin Aktaş / Anadolu Agency via Getty Images
«Калі б я думаў пра гэта ўвесь час, я б проста замкнуўся ў сабе, стаў бы вельмі падобным цяпер да Пуціна, які не пакідае свайго бункера», — сказаў украінскі лідар у інтэрв'ю CNN у мінулым месяцы. «Вядома, мае целаахоўнікі павінны падумаць, як гэтага не дапусціць, і гэта іх задача. Я не думаю пра гэта».
Фармальна, згодна з Канстытуцыяй, лінія пераемнасці ясная, піша Politico.
Калі прэзідэнт не ў стане выконваць свае абавязкі, старшыня Вярхоўнай Рады Украіны бярэ на сябе ягоныя абавязкі.
Руслан Стэфанчук. Фота: Andriy Zhyhaylo/Obozrevatel/Global Images Ukraine via Getty Images
Старшынёй Вярхоўнай Рады з'яўляецца Руслан Стэфанчук, сябра партыі Зяленскага «Слуга народа». Праўда, ён не мае асабліва высокага рэйтынгу даверу ў апытаннях грамадскай думкі. Гэта каля 40 адсоткаў, менш за палову галасоў Зяленскага. І ён не карыстаецца папулярнасцю ў апазіцыйных заканадаўцаў.
«Але я не думаю, што гэта мае значэнне», — сказаў Адрыян Каратніцкі, старшы навуковы супрацоўнік Еўразійскага цэнтра Атлантычнай рады.
«Там моцная кіруючая каманда, і я думаю, што мы ўбачылі б калектыўны ўрад», — дадаў ён.
Кіруючая рада, хутчэй за ўсё, будзе складацца са Стэфанчука ў якасці намінальнага кіраўніка, а таксама Андрэя Ермака, былога кінапрадзюсара і юрыста, які ўзначальвае Офіс прэзідэнта, міністра замежных спраў Дзмітрыя Кулебы і міністра абароны Аляксея Рэзнікава. Валерый Залужны застанецца найвышэйшым генералам краіны.
Каратніцкі сказаў, што ён спадзяваўся б убачыць ролю тэлевядучага Сяргея Прытулы, які цяпер кіруе буйнымі дабрачыннымі ініцыятывамі і мае завоблачна высокі рэйтынг грамадскага даверу.
«Краіна дасягнула пункта вельмі істотнай салідарнасці і нацыянальнага адзінства, таму, калі б з Зяленскім здарылася нешта жудаснае, гэта не было б такім вырашальным, як вы маглі б падумаць», — сказаў Каратніцкі.
Ён адзначыў, што Украіна стварыла «добра вывастраную» адміністрацыйную, вайсковую і дыпламатычную машыну.
«Я не хачу сказаць, што Зяленскі наўрад ці мае да гэтага дачыненне», — дадаў ён. — Але я думаю, што адзінства краіны — гэта незаменная рэч».