На волю выйшла двое асуджаных па «справе карагоду»
Абодва адбылі па два гады «хіміі».
Радзівон Кандрацюк, Віктар Лабко
У канцы ліпеня або пачатку жніўня вызваліліся палітзняволеныя Радзівон Кандрацюк і Віктар Лабко. Абодва былі асуджаныя ў межах так званай «карагоднай справы» да двух гадоў «хіміі» (абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), піша «Брэсцкая вясна».
Радзівон да затрымання навучаўся ў каледжы. Адбываў тэрмін у асіповіцкай ПУАТ №48.
Віктар Лабко адбываў тэрмін у шклоўскай ПУАТ №49.
Што такое «карагодная справа»?
«Карагодная справа» — адна з самых масавых рэпрэсіўных крымінальных спраў пасля пратэстаў 2020 года ў Беларусі. За ўдзел у акцыі пратэсту, якая праходзіла 13 верасня 2020 у Берасці, даюць пакаранні ад «хатняй хіміі» да калоніі. На гэты момант асуджана ўжо 132 чалавекі.
«Карагоднай» справу празвалі ў народзе (а затым і ў медыя) праз тое, як праходзіла тая пратэсная акцыя: людзі спыняліся на скрыжаванні вуліц ды вадзілі карагод пад песні з калонкі, пакуль іх не разагналі вадамётам.