Ізраільскія спецслужбы арыштавалі аднаго з заснавальнікаў ХАМАС
Паводле слоў Хасана Юсэфа, уварванне баевікоў ХАМАС на тэрыторыю Ізраіля 7 кастрычніка стала для яго сюрпрызам.
Хасан Юсэф, Majdi Mohammed / AP
Падчас рэйдаў на Заходнім беразе ізраільскія спецслужбы арыштавалі больш за 60 сяброў руху ХАМАС, уключаючы аднаго з яго заснавальнікаў Хасана Юсэфа, паведамляе тэлеканал «Дождь».
Паводле даных Службы бяспекі Ізраіля «Шын-Бэт» (ШАБАК), Юсэф быў арыштаваны «праз падазрэнне ў дзеяннях ад імя ХАМАС». Пра арышт высокапастаўленага баевіка ХАМАС у горадзе Рамала таксама паведаміла ў чацвер ізраільскае выданне Yediot Ahronot са спасылкай на вайскоўцаў.
Шэйх Хасан Юсэф — адзін з лідараў ХАМАС і яго сузаснавальнікаў, а таксама сябар парламента Палесцінскай аўтаноміі. Раней улады Ізраіля неаднаразова арыштоўвалі Юсэфа, але кожны раз адпускалі.
У зняволенні ён правёў больш за 23 гады. Апошні раз Юсэф быў арыштаваны ў кастрычніку 2020 года, а ў ліпені 2023 года яго зноў вызвалілі.
Юсэф жыве ў Рамале на Заходнім беразе і досыць рэгулярна размаўляе з сусветнай прэсай. Раней на гэтым тыдні ён заявіў у інтэрв'ю канадскаму выданню The Globe and Mail, што ХАМАС мог бы адпусціць захопленых у першы дзень атакі закладнікаў у абмен на 24-гадзіннае спыненне агню з боку Ізраіля.
«У нас ёсць закладнікі, якія з'яўляюцца нашымі гасцямі, і ў нас няма праблем з імі. Калі абставіны дазволяць, мы іх адпусцім», —сказаў Юсэф.
Паводле яго слоў, уварванне баевікоў ХАМАС на тэрыторыю Ізраіля 7 кастрычніка стала для яго сюрпрызам, а пасля гэтага ні з кім з брыгад «Аль-Касам» (ваенізаванае крыло ХАМАС) ён не кантактаваў.
Чытайце таксама:
Крыніца ў еўрапейскай разведцы: Ля бальніцы Аль-Ахлі загінулі максімум 50 чалавек
Байдэн: Мы не можам дапусціць, каб такія тэрарысты, як ХАМАС, і такія тыраны, як Пуцін, перамаглі
Падчас атакі ХАМАС загінула 12-гадовая дзяўчынка, пра якую расказала Джаан Роўлінг